У Познані на тэатральным фестывалі “Другая проба” адбылося перфарматыўнае чытанне п’есы "Любое месца, дзе засталіся сляды" беларускай аўтаркі Марыі Бяльковіч, прысвечанай падзеям 2020 года ў Беларусі. Пасля прагляду з ёй пагутарыў наш карэспандэнт Павел Залескі.
Мы толькі што паглядзелі перфарматыўнае чытанне вашай п’есы "Любое месца, дзе засталіся сляды". Ці маглі б вы падзяліцца сваімі ўражаннямі ад убачанага?
- Я вельмі рада, што гэта адбылося, бо гэта першы выхад тэксту на беларускую аўдыторыю. П’еса чыталася ў розных краінах: Казахстане, Ізраілі, Нью-Ёрку, але гэта першая сустрэча з беларускім гледачом і ў беларускамоўнай версіі. Для мяне гэта вельмі значная падзея.
Калі вы пісалі п’есу, на якога гледача яна была разлічана?
- Я пісала яе з думкай пра Беларусь, пра беларускую сітуацыю, безумоўна, апісвала беларускі код. Але я імкнулася зрабіць так, каб гэта было зразумела не толькі беларусам. Маёй галоўнай мэтай было перадаць атмасферу, не столькі дакументальнасць нейкую, колькі адчуванне пачуццяў, якія былі ў нас у 2020 годзе, у 2010-м, у 2017-м, і наогул у той сітуацыі, у якой мы жывём. Беларусы павінны адчуць блізкасць гэтага, а іншыя — крыху зразумець тое, што мы адчувалі.
Калі і ў якіх умовах пісалася п’еса?
- П’еса пісалася напрыканцы 2021-га — напачатку 2022 года, калі я яшчэ была дома ў Мінску. Умовы тады для ўсіх нас былі даволі няпростыя.
Вы тады былі разам з усімі, хто пратэставаў, і перажылі той час?
- Так, я была разам з усімі. А да гэтага перажыла яшчэ шмат розных падзей…
З фактычным матэрыялам для п’есы, відаць, праблемы не было?
- Так, безумоўна. Але я адразу зразумела, што не хачу пісаць нейкі дакументальны твор. Ёсць вельмі шмат журналісцкіх відэа і тэкставых матэрыялаў з таго часу. І я, як творца, разумела, што не хачу працаваць над гэтым, бо ніколі не зраблю нічога мацнейшага за тое відэа, на якім дзяўчына з бутэрбродам толькі што выйшла з Акрэсціна. Я хацела працаваць са станам беларуса, які не разумее, што адбываецца, але ведае, што яму вельмі страшна, кепска і небяспечна.
Марыя, а як вы асабіста перажылі тыя падзеі? Што вы адтуль вынеслі?
- Хочацца сказаць, што я вынесла траўму, але не, канешне. Я, як і многія, хто ведаў, што Беларусь з’явілася не ў 2020-м, а значна раней, і хто ўдзельнічаў у падзеях раней, перажыла момант надзеі, пра якую не думалі, што яна ў нас яшчэ ёсць. Потым я перажыла момант болю і цяжкага прыняцця паразы. Паразы ў тым сэнсе, што доўгі час у нас была ілюзія, што дастаткова выйсці на вуліцы 100 тысячам чалавек, і ўсё зменіцца. Але гэта была толькі ілюзія, якую трэба было перажыць. Цяпер мы разумеем, што гэты крок быў вельмі важны і неабходны для будучых змен, але ён мог адбыцца толькі такім, якім быў.
Як склаўся ваш лёс пасля тых падзей?
- Мой першы пераезд быў з кватэры, дзе я прапісана, у здымную. Я вельмі не хацела з’язджаць у эміграцыю, бо для мяне гэта трагедыя. Але з пачаткам вайны, а ў мяне ёсць украінскія карані, я зразумела, што не магу фізічна заставацца там, бо баюся за сябе і свайго мужа. Гэта быў маральны і фізічны выбар. Мне пашанцавала мець працу, не звязаную толькі з творчасцю, таму я магла нармальна жыць, але пісаць не магла — гэта шок ад розных праблем у эміграцыі. Тым не менш, я перажываю цяпер адзін з найлепшых відаў эміграцыі, калі можна так сказаць.
Вы кажаце, што цяпер не пішацца. Але многія, наадварот, вельмі шмат твораць у шокавым стане.
- Думаю, гэта звязана з маёй асабістай сітуацыяй. Для мяне заўсёды самым важным быў беларускі глядач, беларуская сцэна. Гэта тая аўдыторыя, якой я найбольш прагнула. І мне цяжка зразумець, што рабіць без яе, калі я не там, не з ёй. Пакуль у мяне няма дакладнага адказу. Але я пачынаю разумець, што мы нясём Беларусь у сабе, і калі ёсць магчымасць працаваць не з беларускімі акцёрамі, нават не на беларускай мове, то гэта ўжо беларускі голас, і яго варта несці.
Як у вас адбываецца працэс інтэграцыі ў новай краіне?
- Тут ёсць вялікая беларуская супольнасць, але сама па сабе Польшча, нават прыродай, наваколлем, падобная і блізкая. Гэта робіць усё крыху прасцей. Нават агульныя гістарычныя моманты збліжаюць, хаця часам мы глядзім на адны і тыя ж рэчы па-рознаму. Гэта такі драматургічны канфлікт, але гэта цікава. Я разумею, чаму падабаецца, і я рада, што беларускія выдаўцы працягваюць сваю дзейнасць за мяжой. Зараз можна замовіць беларускую кнігу ў любым кутку свету.
"Любое месца, дзе засталіся сляды" — гэта чацвёртая п’еса Марыі Бяльковіч. Яна таксама суаўтарка трох драматургічных адаптацый разам з рэжысёрамі “Свабоднага тэатра”. У планах — працягваць пісаць.
Павел Залескі
слухайце аўдыёфайл