26 лістапада ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў трынаццатага сезону прэміі Гедройця. Узнагарода ўручаецца штогод за найлепшую арыгінальную кнігу, напісаную на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы.
ІІІ месца здабыла кніга «Забіць упалмінзага» аўтарства Змітра Бартосіка (Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2022) «за дакументальна-мастацкае сведчанне пра трагічную старонку беларускай гісторыі, важнае ў цяперашні час». Прыз за трэцяе месца, традыцыйна, – магчымасць выдаць новую папяровую кнігу, выданне падтрымае Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
ІІ месца «за шчыры аповед залучанай назіральніцы і ўдзельніцы сучаснай гісторыі» атрымала Ганна Янкута з кнігай «Час пустазелля» (выдавецтва «Янушкевіч», 2023). Узнагародай – паводле добрай шматгадовай традыцыі – будзе творчая стыпендыя ў Швецыі, на востраве Готланд, з магчымасцю працаваць над наступнай кнігай. Узнагарода ўручаецца дзякуючы дапамозе Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
І месцам «за змястоўную і шырокую панараму беларускага інтэлектуальнага жыцця» ўганараваны аўтар кнігі «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» Валянцін Акудовіч (выдавецтва «Логвінаў», 2023). Пераможца атрымае грашовы прыз.
Спецыяльную ўзнагароду ад партнёра прэміі – «Еўрарадыё» – кніжны клуб рэдакцыі вырашыў прысудзіць аўтарцы Еве Вайтоўскай. Яе «Гарэзлівы пацалунак. Кніга другая» (выдавецтва «Янушкевіч», 2023) з’явіцца ў эксклюзіўнай аўдыяверсіі.
bellit.info/ав