Беларуская Служба

PRADMOVA: Інтэлектуальны мост паміж Беларуссю і светам

02.12.2024 17:06
Для аматараў гісторыі адбыліся цікавыя лекцыі. Сярод іх, выступ В.Шадурскага «Нараджэнне беларускага Левіяфана» пра пераход Беларусі ад парламенцкай рэспублікі да аўтарытарызму.
Аўдыё
  • PRADMOVA: Інтэлектуальны мост паміж Беларуссю і светам
        PRADMOVA  .
Хор «Познаньскі спеўны сход» адкрывае фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA выкананнем «Пагоні». фота: Павел Залескі/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Беларускі фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA у выходныя адбыўся ў Познані. Сёлета гэта апошняя PRADMOVA, дзе аб’ядналіся літаратура, музыка, тэатр і мастацтва на пляцоўках фестывалю і стварылі атмасферу для творчых сустрэч і інтэлектуальных дыскусій. Раней фестываль прымалі ў Вільні, Варшаве і Берліне.

На фестывалі была прадстаўлена шырокая праграма з прэзентацыямі кніг і аўтарскіх праектаў, лекцыямі, канцэртамі, спектаклямі і інтэрактыўнымі майстар-класамі. Сярод яркіх падзей фестывалю — прэзентацыя паэтычнага зборніка «Астралябія Божых таямніц» ад беларускамоўнай паэткі з Іспаніі Анхелы Эспіносы Руіс. Ганна Янкута прадставіла сваю дзіцячую кнігу «Кот Шпрот і вежавы гадзіннік», адбыліся перфарматыўныя чытанні Жэні Давідзенкі «10 гадзін наўпрост дадому» і паказ спектакля «Шум» ад Teatr Emigrant.

Слухайце аўдыё! 

Для аматараў гісторыі і культуры адбыліся цікавыя лекцыі і дыскусіі. Сярод іх выступ Віктара Шадурскага і прэзентацыя яго даследавання «Нараджэнне беларускага Левіяфана», прысвечанага перыяду пераходу Беларусі ад парламенцкай рэспублікі да аўтарытарызму. Адбыліся цікавыя сустрэчы з Андрэем Хадановічам і Уладзімірам Някляевым.


Музычная частка фестывалю аб’яднала розныя фарматы і стылі: ад спеўных сходаў да сучасных праектаў, такіх як музычна-паэтычны праект «Літараноты»; а таксама выступ беларускага музыкі і хіп-хоп-выканаўцы MANDZIK, які стаў яркім завяршэннем аднаго з фестывальных дзён. На ўсіх пляцоўках працаваў кніжны кірмаш.

Напрыканцы фестывалю наш карэспандэнт паразмаўляў з адным з арганізатараў — Паўлам Баркоўскім.

— І так, Павел, сёлета адбылася апошняя PRADMOVA, а іх было ўсяго чатыры. Можна падвесці некаторыя вынікі…

— Можна лічыць, што было нават больш, бо мы ўлічваем яшчэ анлайн-Прадмову і плюс стартавалі з вынасным мерапрыемствам на «Кракаўскім летуценні». Можна лічыць, што гэта нават шостае наша мерапрыемства.

— Якія вынікі цяпер можна падвесці пад гэтай працай?

— Мы самі ўжо падлічылі, што за гэты час у межах фестывалю правялі больш за 160 розных мерапрыемстваў, каля сотні з іх — гэта цалкам унікальныя мерапрыемствы, якія не паўтараліся ў іншых месцах. Для нас гэта такі марафон беларускай культуры, які адбываецца зараз, на жаль, за межамі краіны. Але мы стараемся інтэграваць людзей, якія жывуць і ў Беларусі, і ў розных іншых краінах. Робім гэта праз стрым-вяшчанне, праз магчымасць назіраць у жывым эфіры ўсе падзеі нашага фестывалю, далучацца праз каментары і нейкім чынам быць ангажаванымі ў нашу культуру. Таму для нас гэта такая місія — злучаць беларусаў праз прастору і праз час.

— А якія водгукі атрымліваеце ад гледачоў фестывалю?

— Водгукі пераважна станоўчыя, і людзям вельмі падабаецца, калі яны прыходзяць на пляцоўкі, бачаць улюбёных аўтараў, тых людзей, якія маюць для іх вялікі аўтарытэт. Бо вельмі важна бачыць усё ўжывую, атрымліваць энергію і натхненне адзін ад аднаго. Таксама важна мець магчымасць на набыць і пагартаць новыя беларускія кніжкі. Гэта вельмі важна для захавання культурных кодаў. Анлайн-гледачы таксама дзякуюць за магчымасць пабачыць, пачуць, натхніцца хоць бы праз віртуальныя сродкі. Мы бачым, што, напрыклад, на YouTube-канале большасць нашых гледачоў застаецца з Беларусі. І нас гэта вельмі цешыць. Таксама і ў сацыяльных сетках пераважная большасць нашых падпісчыкаў — менавіта з Беларусі. Відавочна, што гэта не нейкая чужая для іх культура, якая развіваецца недзе за мяжой, а арганічная частка агульнай беларускай культуры. Мы бачым сябе як яе вітрыну, якую можна паказваць не толькі самім беларусам, але і за мяжой. Часам, інтэгруючы мясцовых творцаў, мы ладзім міжкультурныя і міжнацыянальныя сустрэчы, каб адкрываць беларусаў свету і свет беларусам. І, здаецца, нам гэта пакуль удаецца.

— Вельмі ўражвае маштаб мерапрыемства, такая колькасць розных пляцовак. Якімі сіламі ўдалося такое зрабіць?

— Мы, відаць, трохі авантурысты, што дасюль спрабуем рабіць гэты праект, нягледзячы на тое, што ён пачынаўся зусім у іншых умовах. У 2018 годзе ў Мінску вельмі апантаныя людзі літаральна за пару месяцаў зладзілі першы фестываль на тры ці чатыры дні, сабраўшы ўсіх зорак тагачаснай беларускай культуры. З наступнага года мы пачалі ездзіць па гарадах Беларусі і ладзіць ужо не адну PRADMOVU, а чатыры-пяць мерапрыемстваў на тэрыторыі краіны. Пасля падзей 2020 года стала зразумела, што цяжка праводзіць культурныя мерапрыемствы ў Беларусі. Гэта небяспечна як для творцаў, якія сталі прызнавацца «экстрэмістамі», так і для арганізатараў. Але праз год удалося адрадзіць гэты праект за межамі краіны. І з 2022 года ён ізноў адбываўся ў трох краінах: Польшчы, Літве і Грузіі. Меўся адбыцца ў чацвёртай краіне — адной з пляцовак фестывалю планавалася стаць Кіеў у вясну 2022 года. Але па зразумелых прычынах гэтага не адбылося. Сёлета фестываль упершыню прайшоў у Германіі, у Берліне, дзе мы атрымалі добрыя водгукі. Таму для нас гэта своеасаблівы выклік — наколькі мы здольныя рабіць фестывалі нягледзячы на ўсе неспрыяльныя ўмовы для іх арганізацыі.

— Дзякуй за гутарку! Жадаем поспехаў у арганізацыі новых PRADMOV.

Павел ЗАЛЕСКІ