Беларуская Служба

Беларусы не толькі працуюць, але і ахвотна пасяляюцца ў Польшчы

13.08.2019 17:07
Беларусы – другая пасля ўкраінцаў група іншаземцаў, якія плацяць узносы на сацыяльнае забеспячэнне ў Польшчы.
.    .
Чамаданы. Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: tookapic/pixabay.com/CC0 Public Domain

Расце колькасць іншаземцаў, якія маюць дазвол на доўгатэрміновае пражыванне ў Польшчы. Пра гэта сведчаць дадзеныя Ўпраўлення па справах іншаземцаў. У канцы ліпеня бягучага года гэткія дазволы мела больш за 400 тысяч чалавек, у асноўным украінцы.

Усё больш замежнікаў таксама плацяць узносы на сацыяльнае забеспячэнне, паведаміў афіцыйны прадстаўнік Фонду сацыяльнага страхавання Войцех Андрусевіч (Wojciech Andrusiewicz).

Са студзеня мінулага году колькасць іншаземцаў, якія плацяць узносы ў Фонд сацыяльнага страхавання вырасла на 200 тысяч. Гэтыя іншаземцы працуюць у Польшчы легальна і плацяць узносы. Самую вялікую групу складаюць украінцы – 468 тысяч. Наступная па чарзе група - гэта грамадзяне Беларусі”.

Войцех Андрусевіч таксама паведаміў, што расце колькасць дапамог па цяжарнасці і родах, якія Фонд сацыяльнага страхавання выплачвае іншаземцам.

Гэта сведчыць пра тое, што іншаземцы, у тым ліку грамадзяне Украіны, засноўваюць сем'і ў Польшчы і тут нараджаюць дзяцей. Гаворка ідзе пра больш за 10 тысяч чалавек, якія атрымліваюць у Польшчы дапамогу па цяжарнасці і родах і г.д. Гэта не з’яўляецца нейкай сур'ёзнай нагрузкай для бюджэту Фонду сацыяльнага страхавання, бо сумы невялікія. Замежнікі звычайна працуюць у такіх галінах, як будаўніцтва і перапрацоўчая прамысловасць, дзе зарплаты не самыя высокія”.

Усё больш украінцаў у Польшчы шукаюць не толькі працу на нейкі час, але хочуць уладкавацца тут на даўжэй, купляюць кватэры. Паводле дадзеных Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, летась яны купілі больш за 100 тысяч кватэраў, то бок на палову больш, чым годам раней.

аз