Беларуская Служба

40-ая гадавіна забойства ксяндза Папялушкі. Чаму ахвярай катаў стаў менавіта ён?

19.10.2024 08:05
Ад людзей ксёндз Папялушка не чакаў вызнання веры, але чалавечнасці. 
Аўдыё
  • 40-ая гадавіна забойства ксяндза Папялушкі. Чаму ахвярай катаў стаў менавіта ён
Ксёндз Ежы Папялушкафота: Архіў Інстытуту нацыянальнай памяці

Айцец Папялушка, 1947 года нараджэння, капелан варшаўскай «Салідарнасці», быў забіты супрацоўнікамі СБУ 19 кастрычніка 1984 года. У 2010 годзе беатыфікаваны як мучанік.

— Айцец Ежы паважаў усіх, вернікаў і няверуючых, камуністаў і атэістаў, бо так глыбока ўспрымаў людзей. Ён бачыў у людзях Бога і не чакаў ад іх вызнання веры, але праяўлення чалавечнасці, - сказаў у эфіры Польскага радыё 24 Павал Кэнска, старшыня Грамадскага камітэта ўшанавання 40-годдзя выкрадання і мучаніцкай смерці благаслаўлёнага ксяндза Ежы Папялушкі.

Чаму ахвярай катаў стаў ксёндз Ежы Папялушка? Выбітных постацяў, звязаных з апазіцыяй у тым часе было шмат. Чаму ксяндза, які быў маральным аўтарытэтам, улады ажно на столькі ненавідзелі?

На гэтае пытанне няма добрага адказу, гаворыць Павал Кэнска. Адказ можна шукаць з некалькіх перспектыў:

- Калі ўзяць грамадскі аспект, то ў ксяндза Папялушкі быў неверагодны талент аб’ядноўваць людзей. І можна сказаць, што гэта была адна з прычын. Ён аб’яднаў свет рабочых, лідараў “Салідарнасці”, якія часамі былі пасвараныя. Калі паглядзець, з кім ён сустракаўся, то гэта былі Лех Валэнса, Анджэй Гвязда, Анна Валентыновіч, на імшы прыходзяць Яцэк Курань, Адам Міхнік, Збігнеў Рамашэўскі. Гэта было смяротна небяспечна для камуністаў. Таму з аднаго боку ён аб’ядноўваў рабочых, а з іншага быў перамоўшчыкам на сустрэчах лідараў. Збігнеў Рамашэўскі расказваў, што ксёндз Папялушка вёў перамовы з “экстрэмістамі” “Салідарнасці”, якія хацелі выкарыстаць выбухоўку. Яны паслухалі толькі ксяндза. У яго быў неверагодны аўтарытэт. І што было яшчэ больш небяспечным – аб’яднаў гэтыя дзве плыні з Касцёлам. Ён быў у стане спалучыць усе найбольш небяспечныя для дзяржавы элементы.

Калі паглядзець на статыстыку Службы бяспекі аб выступленнях святарства, то пазіцыя ксяндза Папялушкі расце з году ў год. На апошнія імшы за Айчыну ў 1984 годзе прыязджалі душпастыры “Салідарнасці” з усіх куткоў Польшчы, прыязджалі самыя важныя персоны. Прыходзілі дзясяткі тысяч людзей. “У такой сітуацыя, каго павінны былі забіць камуністы?”, - пытаецца Павал Кэнска.

Госць Польскага радыё кажа, што без зразумення ўнутранага свету ксяндза Ежы немагчыма зразумець цэлай сітуацыі. Без гэтага немагчыма расказаць яго гісторыю. Ксёндз Ежы быў неверагодна глыбокім і моцным унутрана чалавекам, які не пагаджаўся на кампрамісы.

- Яго навучанне найпрасцей можна ўкласці ў адзін сказ: паважай іншага чалавека, можна сказаць бязмежна, і гавары яму праўду ў вочы. Калі ён так рабіў, то быў вельмі зразумелым чалавекам. Ён шанаваў усіх – веруючых і няверуючых, камуністаў. Ён прыязджаў да знаёмых, гуляў з дзецьмі, а пад домам заўсёды стаяў аўтамабіль СБ. Аднак ён ніколі кепскага слова пра іх не сказаў. Ён выносіў ім тэрмас з гарачай гарбатай, дзяліўся аплаткай. То бок ён так глыбока бачыў чалавека. Калі паглядзець з багаслоўскага пункту гледжання, што чалавека стварыў Бог, то няважна, атэіст ён ці католік, але іх стварыў адзін Бог. І ксёндз Ежы ў іх гэтага Бога бачыў.

Міліцэйскія здымкі з месца затрымання аўтамабіля, якім ехаў кс. Папялушка. 19.10.1984 Міліцэйскія здымкі з месца затрымання аўтамабіля, якім ехаў кс. Папялушка. 19.10.1984

Ад людзей ксёндз Папялушка не чакаў вызнання веры, але чалавечнасці. Дарэчы, многія людзі ў той час вярталіся ў Касцёл, паколькі менавіта ўнутраная пазіцыя ксяндза Папялушкі іх пераконвала, расказвае Павал Кэнска.

У сведчаннях людзей, якія хадзілі на Імшы за айчыну, можна прачытаць, што гэтыя Ішмы лячылі іх ад страху, ад нянавісці, цемры ПНР. Яны пачыналі адчуваць сябе свабоднымі, паколькі за ўнутранай свабодай пачынаецца свабода вонкавая.

Ці маладое пакаленне ведае нешта пра постаць ксяндза Ежы? Ці яны здольныя расказаць пра гэтага чалавека. Павал Кэнска кажа, што можна здзівіцца:

- Часамі маладыя здольныя гэта зрабіць лепш, чым старэйшыя. Я кажу нават пра 18-годкаў. Ксёндз Ежы Папялушка вытрымаў выпрабаванне пакаленняў і, можна сказаць, геаграфіі. На яго магілу ў санктуары ў Варшаве да гэтага часу прыехала 23 млн чалавек з розных куткоў свету, а яго мошчы знаходзяцца ў 1800 месцах у свеце і пашыраюцца апошнія 14 гадоў. Сярод іншага ў Афрыцы, на шасці кантынентах. Гэта велізарны культ і рост свядомасці. Сёння бачна значна больш. Вядома, ён быў пакутнікам, святаром, які загінуў за веру. У сваю чаргу для маладых ён з’яўляецца ўзорам. Я гэта ведаю, бо працую з моладдзю. Мы правялі анкету: Кім для цябе з’яўляецца ксёндз Папялушка. Для настаўнікаў перад усім гэта мучанік, па-другое, ксёндз, па-трэцяе настаўнік веры і жыцця. Для моладзі – у першую чаргу сябра, потым настаўнік і ксёндз, і толькі потым пакутнік. Жахлівыя здымкі з яго смерці, якія трэба ведаць, бо гэта доказ, магчыма, зачынілі ў нас дарогу да зразумення чалавека. Як ён жыў, як ён пераадольваў гэтае зло. Чым для яго было дабро. Чаму ён так прыцягваў людзей, чаму яго так любілі. Як ён спраўляўся з нянавісцю, змагаўся са страхамі. І, магчыма, моладзь гэта бачаць лепш, чым мы.

Галоўныя юбілейныя ўрачыстасці адбудуцца ў санктуарыі благаслаўлёнага Ежы Папялушка ў раёне Жалібаж у Варшаве, пры парафіі св. святога Станіслава Косткі - апошняе месца служэння ксяндза Ежы Папялушкі. Менавіта там у апошнюю нядзелю кожнага месяца ён цэлебраваў святыя Імшы за Радзіму.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Багацце веры