Уладальнікі „Карты вялікай сям’і”, якія атрымалі згаданы дакумент або падалі заяву на яго атрыманне да 1 студзеня мінулага года, могуць атрымаць другую - электронную форму гэтага дакументу.
„Тыя, хто падае заяўку на атрыманне карты пасля 1 студзеня 2018 года, павінны будуць заплаціць невялікую суму за выдачу электроннага дакументу”, - заявіў намеснік міністра па справах сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі Станіслаў Швед (Stanisław Szwed).
- Калі нехта хоча замяніць пластыкавую картку на мабільную – гэта тычыцца асобаў, якія атрымалі гэткую картку да 2018 году, то ён можа гэта зрабіць бясплатна. Для астатніх замена будзе платнай.
Міністр падкрэслівае, што „Карту вялікай сям’і” мае ўсё больш палякаў. У тым ліку пластыкавыя карты маюць амаль 2 мільёны 900 тысяч чалавек, а адмысловыя прыкладанні - амаль 650 тысяч.
З 1 студзеня бягучага году прывілеямі, якія вынікаюць з „Карты вялікай сям’і” могуць карыстацца таксама пажылыя людзі, якія ў мінулым выхоўвалі, як мінімум, траіх дзяцей.
Нагадваем, „Карта вялікай сям’і”- гэта сістэма скідак і льготаў для шматдзетных сем'яў - з трыма і больш дзецьмі. Скідкі прапануюць як дзяржаўныя ўстановы, так і прыватныя кампаніі. Уладальнікі карты маюць магчымасць скарыстацца больш таннымі паслугамі ўстаноў культуры, крам, сродкаў сувязі, гандлёвых кропак, спартыўных і аздараўленчых цэнтраў, якія з'яўляюцца партнёрамі карты.
У цяперашні час у рамках карты свае паслугі прапануе больш за 6 тысяч партнёраў. Наладжваннем супрацы з імі займаецца Асацыяцыя шматдзетных сем'яў „3 Плюс”.
аз