Польская авіякампанія LOT распрацоўвае план вяртання рэгулярных пасажырскіх рэйсаў. У цяперашні час палёты самалётаў кампаніі былі прыпыненыя да 31 траўня. Business Insider Polska нагадвае, што абмежаванні ў міжнародным і нацыянальным паветраным руху, уведзеныя ў сувязі з пандэміяй каранавіруса, дзейнічаюць з 15 сакавіка гэтага года.
Польская авіякампанія паведамляе, што на пачатку плануе аднавіць рэгулярныя рэйсы па ўнутрыпольскіх кірунках. Толькі на наступным этапе будуць паступова аднаўляцца міжнародныя рэйсы.
„Згодна з актуальнымі прагнозамі, мы пачнем аднаўленне рэйсаў па ўнутрыпольскіх кірунках, што дасць магчымасць палепшыць транспарт у межах Польшчы й падтрымаць мясцовую турыстычную галіну. Пры нагодзе мы праверым новыя працэдуры бяспекі, падрыхтаваныя для рэйсаў post-COVID Міжнароднай асацыяцыяй паветранага транспарту IATA”, - кажа ў размове з выданнем прэс-сакратар PLL LOT Міхал Чэрніцкі (Michał Czernicki).
Ён падкрэслівае, што кіраўніцтва кампаніі будзе прымаць рашэнні ў залежнасці ад развіцця эпідэміялагічнай сітуацыі, а таксама рашэнняў дзяржаўных органаў і Упраўлення грамадзянскай авіяцыі.
„Наступныя крокі ўсё яшчэ абмяркоўваюцца, але лагічным працягам здаецца паступовае аднаўленне міжнароднага паветранага руху, пачынаючы з краін з нізкай эпідэмічнай рызыкай, якія да гэтай пары карысталіся асаблівым зацікаўленнем з боку пасажыраў”, - дадае Чэрніцкі.
Прэс-сакратар PLL LOT лічыць, што хоць сітуацыя па-ранейшаму дынамічная, то на працягу наступных тыдняў кампанія паведаміць пра больш падрабязныя планы LOT на чэрвень. У канчатковым выніку пасажыры павінны атрымлівалі інфармацыю пра аднаўленне рэйсаў як мінімум на два тыдні раней. Гэта павінна дазволіць ім планаваць паездкі на бліжэйшыя месяцы.
Міжнародная асацыяцыя паветранага транспарту ацэньвае, што ў 2020 годзе авіяперавозчыкі ва ўсім свеце страцяць па меншай меры 314 млрд долараў даходаў, а пасажырскі рух вернецца да ўзроўню з 2019 года, найраней у 2023-2024 гадах.
Business Insider Polska нагадвае, што ў нядзелю ўвечары віцэ-прэм'ер Ядвіга Эмілевіч (Jadwiga Emilewicz) сказала, што паўторнае адкрыццё межаў Польшчы будзе магчымае найраней 15 чэрвеня бягучага года.
аз