Беларуская Служба

Польская авіякампанія LOT рыхтуецца да ўзнаўлення рэйсаў з 1 чэрвеня

19.05.2020 18:50
Палёты будуць адбывацца пры выкананні сур'ёзных санітарных нормаў.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/Rudzenka

Польская авіякампанія LOT рыхтуецца да ўзнаўлення рэйсаў з 1 чэрвеня. Спачатку будуць адкрытыя рэйсы ўнутры краіны, паведамляе эканамічнае выданне Dziennik Gazeta Prawna. І так, на трасе з Варшавы ў Гданьск самалёты будуць лётаць тры разы ў дзень. У Кракаў, Познань, Жэшаў, Шчэцін, Уроцлаў і Зялёную Гуру – два разы ў дзень, а з Кракава ў Гданьск – раз у дзень.

Зразумела, палёты будуць адбывацца пры выкананні сур'ёзных санітарных нормаў. Так, бартавы персанал павінен будзе мець аднаразовыя пальчаткі і маскі, пасажыры таксама павінны будуць знаходзіцца ў масках на працягу цэлага палёту. Акрамя таго, будзе забаронена перамяшчэнне па самалёце. Выключэннем зʼяўляецца неабходнасць скарыстацца туалетам, але гэта можна будзе зрабіць з дазволу персанала. Харчаванне на борце будзе выдавацца пасажырам у індывідуальных пакетах. Неўзабаве плануецца прадставіць правілы знаходжання ў часе эпідэміі ў аэрапортах.

Да 31 мая польская авіякампанія спыніла ўсе ўнутраныя і міжнародныя рэгулярныя рэйсы. Самалёты LOT удзельнічалі ў акцыі па перавозцы палякаў, якія аказаліся за мяжой і не маглі вярнуцца на радзіму рэгулярным транспартам. Акрамя таго, лайнеры кампаніі выконваюць грузавыя рэйсы, у тым ліку па замове польскага ўрада на перавозку медыцынскага абсталявання і сродкаў асабістай аховы.

Да 23 мая ў Польшчы дзейнічае забарона на рэгулярныя пасажырскія авіяспалучэнні, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

вс