Пандэмія каранавіруснай заразы мяняе свет, у прыватнасці, яна прымушае дынамічна развівацца сістэмы безнаяўнага разліку. Rzeczpospolita паведамляе пра польскае мабільнае прыкладанне BLIK, якое дазваляе хутка і бяспечна плаціць у інтэрнэце і ў плацежным тэрмінале, браць наяўныя ў банкамаце без картачкі і непасрэдна маланкава пераводзіць грошы на іншы рахунак. Аператарам сістэмы з’яўляецца кампанія Польскі стандарт плацяжу, а яе акцыянеры – вядучыя польскія банкі. Доступ да сістэмы мае каля 95% кліентаў.
BLIK вельмі хутка пашырае свой маштаб, між іншым дзякуючы пандэміі, паколькі кліентаў усюды заклікаюць плаціць дыстанцыйна, без выкарыстання наяўных грошай. Акрамя таго, калі хтосьці спрабаваў плаціць пры дапамозе BLIK, ён хутка вырашае, што гэта вельмі зручная форма плацяжу, таму ён ахвотна адмаўляецца ад іншых формаў. Прафесар Яніна Гарасім з кафедры банкаўскіх сістэм і фінансавых рынкаў Эканамічнай акадэміі ў горадзе Катавіцэ адзначае, што спажыўцам цяжка мяняць прывычкі, але часам іх змушае да гэтага сітуацыя. Пандэмія можа прычыніцца да змены навыкаў. Змены на польскім фінансавым рынку вялізныя, гэта відаць хаця б па тым, наколькі радзей палякі пачалі браць наяўныя з банкаматаў.
Пры дапамозе BLIK яшчэ не вельмі зручна плаціць у плацежных тэрміналах, паколькі неабходна атрымаць адмысловы код для кожнага плацяжу. Сітуацыю можа палепшыць партнёрства з сістэмай Mastercard, якая ў сярэдзіне красавіка стала адным з акцыянераў Польскага стандарту плацяжу. Дзякуючы гэтаму будзе прасцей плаціць пры дапамозе BLIK у стацыянарных крамах і за мяжой.
нг