Паводле прагнозаў Еўрапейскай камісіі, польскі ВУП зменшыцца сёлета толькі на 4,3%. Для параўнання, сярэдні паказнік для ўсяго ЕС – 7,4%. Феномен польскай эканомікі апісвае нямецкі партал Focus Online, падкрэсліваючы, што Польшча можа адносна мала пацярпець ад каранакрызісу, – чытаем на сайце Dziennik.pl.
Аўтары пішуць, што Польшча стала феноменам для еўрапейскіх эканамістаў. «Дзяржава бачыць свой шанец стаць членам першай лігі важнейшых еўрапейскіх эканомік», – адзначае Focus Online. Чаму Польшча паносіць адносна невялікія страты ў сувязі з пандэміяй, тлумачыць на старонках парталу Эрнст Гілебранд (Ernst Hillebrand) – палітолаг і кіраўнік варшаўскага аддзелу нямецкай фундацыі Фрыдрыха Эберта (Friedrich Ebert). Па-першае, кажа эксперт, польская эканоміка шырока разбудаваная, яна не залежыць так моцна ад экспарту, як іншыя. Другі фактар – хуткая рэакцыя кансерватыўнага ўраду партыі «Права і справядлівасць». Шчодры пакет дапамогі прадпрыемствам дазволіў пазбегнуць банкруцтваў і страты працоўных месцаў. Па словах эксперта, умацаванне нацыянальнай эканомікі праз актыўную сацыяльную палітыку пачало прыносіць эфекты.
Польскі ўрад сур’ёзна ставіцца да ўнутранага попыту, дзякуючы чаму эканоміка Польшчы менш уразлівая на пагрозы і больш устойлівая да глабальнага крызісу, – кажа кіраўнік нямецкай фундацыі. Па інфармацыі парталу, інвестыцыі Еўрапейскага саюзу складаюць важны элемент фундаментаў польскай эканомікі. Праўда, гэтае правіла датычыць таксама іншых краін, але менавіта Польшча становіцца ўсё больш прывабнай для інвестараў.
Тэкст на старонках парталу Focus Online – гэта ўжо не першы матэрыял у нямецкіх СМІ, які хваліць дзейнасць польскага ўраду ў часы пандэміі. Раней штодзённае выданне Die Welt прыгадвала, што Польшчы ўдалося перамагчы крызіс еўразоны ў 2009 годзе, міграцыйны крызіс у 2015-ым, а цяпер таксама крызіс, звязаны з каранавірусам. «З пандэміі Польшча можа выйсці нават яшчэ больш магутнай», – падкрэсліў Die Welt.
нг