Беларуская Служба

Праект новага падатку выклікаў у Польшчы магутныя пратэсты

11.02.2021 14:37
Гаворка ідзе пра новы падатак на рэкламу, супраць якога пратэстуюць прыватныя сродкі масавай інфармацыі.
Польскія газеты пратэстуюць супраць новага падаткуфота: PAP/Albert Zawada

Ніводная з ранейшых ідэй кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» не выклікала такой шырокай рэакцыі, як гэтая – піша Rzeczpospolita. Гаворка ідзе пра новы падатак на рэкламу, супраць якога пратэстуюць прыватныя сродкі масавай інфармацыі. У сераду амаль усе прыватныя СМІ перасталі публікаваць які-колечы змест, на сайтах, а таксама ў эфіры была толькі інфармацыя пра пратэст. Інтэрнэт-парталы таксама не працавалі, змяшчаючы тэкст аб тым, якую пагрозу нясе новы падатак.

Салідарнасць выражаюць прадстаўнікі розных краін свету, пра сваю падтрымку заявіў між іншым прадстаўнік амерыканскага пасольства. «Свабодныя СМІ – краевугольны камень дэмакратыі. ЗША заўсёды будуць бараніць незалежнасць СМІ», – напісаў Бікса Алію (Bixa Aliu).

Згодна з прапановай ПіС, СМІ ў Польшчы абкладуць новым падаткам на рэкламу, хаця адзін падатак на рэкламу яны ўжо плацяць. На думку некаторых экспертаў, новы падатак можа парушаць канстытуцыйнае права прадухілення падвойнага падаткаабкладання.

Дарэчы, да канца невядома, ці ўдасца ўвесці аплату, ці законапраект ПіС падтрымаюць кааліцыйныя партыі ў парламенце. Прадстаўнікі партыі «Паразуменне» кажуць, што яны з занепакаеннем аналізуюць праект. У бліжэйшыя дні, пасля кансультацыі з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі і прыслухаўшыся да голасу грамадскай думкі, партыя Яраслава Говіна прыме рашэнне. Калі яно будзе гучаць «НЕ», тады законапраект не пройдзе. Супраць праекту выступае апазіцыя. Яе палітыкі намераны бараніць СМІ між іншым у Еўрапейскім парламенце, дзе ў сакавіку адбудуцца спецыяльныя дэбаты на дадзеную тэматыку.

нг