У канцы студзеня ў Польшчы было зарэгістравана 19 500 электрамабіляў. Толькі ў студзені зарэгістравана іх амаль 800. Гэта дадзеныя лічыльніка электрамабільнасці, запушчанага Польскай асацыяцыяй альтэрнатыўнага паліва і Польскай асацыяцыяй аўтамабільнай прамысловасці.
Ян Вісьнеўскі з Польскай асацыяцыі альтэрнатыўнага паліва адзначыў, што працэнтны прырост рэгістрацыі электрамабіляў у параўнанні з мінулым годам быў ніжэйшы. Ён тлумачыць, што гэта звязана з пандэміяй, але таксама з тым, што палякі чакаюць на дзяржаўныя даплаты.
- Колькасць такіх транспартных сродкаў невялікая ў параўнанні з лідарамі ў гэтай галіне як Францыя, Нямеччына, Нарвегія. Мы спадзяемся, што разам з увядзеннем новай сістэмы даплат колькасць электрамабіляў будзе дынамічна павялічвацца.
Ян Вісьнеўскі адзначае, што ў Польшчы таксама развіваецца агульнадаступная сетка для зарадкі электрамабіляў. На адзін пункт зарадкі прыпадае крыху больш за 7 электрамабіляў.
яс