Беларуская Служба

Сусветная гонка за чыстай энергіяй набірае абароты

18.03.2021 13:36
Расія робіць стаўку на газ ды нафту ды ігнаруе аднаўляльныя тэхналогіі.
Здымак мае ілюстрацыйны характарImage by jplenio from Pixabay/CC0

Гэта стратэгічная памылка Крамля, піша штодзёнка «Dziennika Gazeta Prawna».

Мы павінны быць рэалістамі: мы - самая вялікая краіна ў свеце, - заявіў Аляксей Чакункоў, міністр развіцця Арктыкі і Далёкага Усходу, гаворачы пра будучыню прыроднага газу як чыстай альтэрнатывы вугалю. Сонечная энергія не з'яўляецца варыянтам для Расіі, а энергія ветру не мае стабільнасці, перакананы чыноўнік. Гэтае выказванне адлюстроўвае расійскую дылему. Масква бачыць у раставанні палярных льдоў не столькі прыродную катастрофу, колькі эканамічныя магчымасці. Расійскія ўлады спадзяюцца зарабіць на адкрыцці Паўночнага марскога шляху з Азіі ў Еўропу для суднаходства і на доступе да патэнцыйных велізарных запасаў карысных выкапняў, нафты і газу, ігнаруючы велізарныя экалагічныя кошты.

У апошнія гады Крэмль звязаў эканамічную і геапалітычную будучыню краіны з прыродным газам. Былі пабудаваныя новыя трубаправоды ў Кітай, Турцыю і Германію, Расія хоча заняць чвэрць сусветнага рынку СПГ – выйсці з нуля ў 2008 годзе да 8%. Урад краіны трымаецца стратэгіі, падобнай да Саудаўскай Аравіі, якая палягае на тым, каб быць сярод апошніх, хто сыдзе з рынку нафты ды газу. Пры гэтым Расія не спрабуе адначасова развіваць індустрыю аднаўляльных крыніц энергіі.

У Маскве перакананыя, што Расія не можа быць экспарцёрам чыстай энергіі. Мы не можам проста ператварыць вытворчасць выкапнёвага паліва ў вытворчасць чыстай энергіі, бо ў нас няма ўласнай тэхналогіі, кажуць чыноўнікі ў Крамлі. У Расіі прыродны газ заўсёды будзе таннейшы за аднаўляльныя крыніцы энергіі. Таксама расійскія эліты не вераць у нізкую цану на нафту. Яны спадзяюцца, што цэны вырастуць пасля завяршэння пандэміі Covid-19.

Прывязка да выкапнёвай сыравіны рызыкуе велізарнымі выдаткамі і стратай магчымасцей, мяркуюць незалежныя эксперты, у тым ліку Ігар Макараў, які ўзначальвае аддзел глабальнай эканомікі ў Маскоўскай школе эканомікі.

Таксама буйныя расійскія прыватныя энергетычныя і металургічныя кампаніі пачалі схіляцца да экалагічных рашэнняў у сваёй дзейнасці пад ціскам міжнародных інвестараў. Сярод іх энергетычная кампанія Новатэк, якая спецыялізуецца на арктычным СПГ, дзяржаўная атамная кампанія Расатам. Гэтыя фірмы вывучаюць пытанне манетызацыі вытворчасці вадароду на экспарт. Аднак без дзяржаўнай падтрымкі расійскія кампаніі адстаюць ад Саудаўскай Аравіі, Аўстраліі, Чылі ды іншых краін, якія хочуць стаць галоўнымі пастаўцамі вадароду ў свеце.

юл