Беларуская Служба

Forsal.pl: Праз пяць гадоў Польшча абгоніць Японію

11.05.2024 12:12
Аўтар публікацыі развянчае міфы і тугу па «цудоўнай гаспадарцы Польскай Народнай Рэспублікі».
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.pixabay.com/Pixabay License

«Кожны дзень я чую ад старых і маладых, як пасля 1989 года была знішчана нібыта магутная польская прамысловасць часоў ПНР», піша Збігнеў Бартусь (Zbigniew Bartuś) на сайце Forsal.pl.

«Сёння я магу сказаць, што Польшча не будзе як Японія, бо праз пяць гадоў Польшча яе... абгоніць. Прынамсі, па ВУП на душу насельніцтва. Такія цяперашнія прагнозы Міжнароднага валютнага фонду»,- працягвае аўтар.

Упершыню ў гісторыі Польшча пераўзыдзе Чэхію і Іспанію

«Упершыню ў гісторыі Польшча пераўзыдзе сярэднееўрапейскі паказчык, абагнаўшы Чэхію і Іспанію. Мы будзем на крок ад Італіі, рукой падаць да брытанцаў і французаў. Зразумела – па даходах. Таму што назапашванне багаццяў, якія яны назапашвалі стагоддзямі, зойме ў нас, напэўна,... стагоддзі, ці хаця б дзесяцігоддзі. І пры ўмове, што мы ўнясём неабходныя змены ў эканамічную мадэль і працягнем расці хутчэй за іх»,

– разважае Бартусь і нагадвае, што пасля развалу ПНР у 1989 годзе краіна ўваходзіла ў эканамічную мадэль капіталізму з 33% ВУП на душу насельніцтва (ППС) ад узроўню Францыі і палову ВУП Партугаліі, Іспаніі і Грэцыі.

Доля Польшчы ў сусветным экспарце вырасла на 300 працэнтаў

«За гэты час польскі экспарт вырас у АДЗІНАЦЦАЦЬ разоў у параўнанні з лепшымі гадамі Польскай Народнай Рэспублікі. Доля Польшчы ў сусветным экспарце вырасла на 300 працэнтаў. У ПНР суадносіны экспарту і мізэрнага ВУП складалі 20%. Да ўступлення ў ЕС мы дасягалі 35%. А летась мы перасягнулі 55%. Гэта больш, чым у знакамітай сваім экспартам Германіі», падкрэслівае Збігнеў Бартусь, аўтар публікацыі ў Forsal.pl.

яс