Беларуская Служба

Даследчык: Калі Паўднёвы Каўказ апынецца ў межах еўрапейскай цывілізацыі, свет стане больш бяспечным

22.05.2024 17:20
XIX Міжнародная каўказская канферэнцыя прысвечана сучасным метадам даследавання гісторыі, культуры і цывілізацыйнага памежжа Паўднёвага Каўказа.
Аўдыё
  • Гісторык Давід Калбая таксама звярнуўся да назвы канферэнцыі, якая носіць імя прафесара Тадэвуша Свентахоўскага
Гісторык Давід Калбая Фота: https://www.facebook.com/StudiumUW

У сераду, 22 траўня распачалася двухдзённая XIX Міжнародная каўказская канферэнцыя маладых навукоўцаў імя прафесар Тадэвуш Свентахоўскага. Сімпозіум ладзіць Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту (SEW UW). 

XIX Міжнародная каўказская канферэнцыя прысвечана сучасным метадам даследавання гісторыі, культуры і цывілізацыйнага памежжа Паўднёвага Каўказа. Велізарная тэрыторыя Паўднёвага Каўказа, паміж Чорным і Каспійскім морамі, не з'яўляецца аднароднай і цэласнай, як у моўным, рэлігійным, культурніцкім і сацыяльным вымярэнні.

Тут ёсць выразны падзел, на які паўплывалі перш за ўсё палітычныя адносіны, якія фармаваліся стагоддзямі. Удзельнікі сімпозіума, які адбываецца ў Варшаўскім універсітэце, абмяркоўваюць асноўныя праблемы гісторыі і культуры Паўднёвага Каўказа, улічваючы складаны кантэкст сучаснасці.

«Сёлета канферэнцыя прысвечана 100-годдзю Антысавецкага народнага паўстання ў Грузіі», – кажа навуковы супрацоўнік Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту, арганізатар канферэнцыі Давід Калбая:

- Можна сказаць, што гэта было першае антысавецкае паўстанне ў краінах Паўднёвага Каўказа. У 1924 годзе была зацверджана першая Канстытуцыя Савецкага Саюза. У той час Грузія была ўжо савецкай. У межах тагачаснай канфедэрацыі першае паўстанне адбылося менавіта ў Грузіі ў 1924 годзе. Тады ў першы дзень паўстання загінула 3 тыс. чалавек. Многія людзі назаўжды эмігравалі з краіны. Цяпер у нас ёсць нагода ўспомніць мінулае Паўднёвага Каўказа ў навуковым асяроддзі.Пра гэтыя падзеі нагадвае і канферэнцыя пад назвай «Паўднёвы Каўказ на сумежжы культур і цывілізацый».

Акрамя таго, асабліва важна, што падчас канферэнцыі працуе выстава пра грузінскую эміграцыю ў даваеннай Варшаве. Гаворка ідзе пра жаўнераў кантрактнікаў Войска Польскага, якія былі вымушаныя пакінуць захопленую савецкай Расіяй Грузію. Яны эмігравалі і назаўсёды засталіся ў Польшчы. Выстава называецца «Тэўзадзе». На ёй раскрываюцца пэўныя гістарычныя таямніцы.

Пасля вайны адзін грузінскі падпалкоўнік Войска Польскага, які быў абаронцам Варшавы, змяніў прозвішча. Да 1985 году жыў у Польшчы пад выдуманым імем Валерыян Кшыжаноўскі, а не сваім сапраўдным Валерыян Тэўзадзэ. Афіцэр склаў завяшчанне, у якім раскрыў таямніцу свайго сапраўднага імя. Адсюль і назва выставы.

Гісторык Давід Калбая таксама звярнуўся да назвы канферэнцыі, якая носіць імя прафесара Тадэвуша Свентахоўскага:

- Прафесар Тадэвуш Свентахоўскі нарадзіўся ў 1934 годзе, памёр у 2017 годзе. Ён быў адным з самых вядомых даследчыкаў Паўднёвага Каўказа і гісторыі Блізкага Усходу ў Польшчы. Ён быў аўтарам шматлікіх кніг і манаграфій, ганаровым прафесарам Калумбійскага ўніверсітэту. Выкладаў у Цэнтры ўсходнееўрапейскіх даследаванняў, мы разам з ім праводзілі семінары.

Тадэвуш Свентахоўскі таксама быў запрошаным прафесарам у рамках прэстыжнай Праграмы Фулбрайта. Цікава, што ён нарадзіўся ў Францыі, сын даваеннага польскага дыпламата Станіслава Свентахоўскага, зняволенага пасля 17 верасня 1939 г., а потым забітага, хутчэй за ўсё, у Бутырскай турме ў Маскве. Апошнія гады жыцця прафесар правёў паміж Нью-Ёркам і Варшавай. Пасля гадоў эміграцыі польская сталіца стала для яго другім дома. Прафесар быў нястомным даследчыкам Каўказа, заўсёды адкрыты да дыялогу і гатовы дапамагчы сваім вучням. Як я ўжо казаў, мы сумесна праводзілі семінары, прысвечаныя Каўказу ў Варшаўскім універсітэце. Лічу яго сваім настаўнікам.

На працягу апошніх 19 гадоў я праводжу штогадовую Каўказскую канферэнцыю для студэнтаў, аспірантаў і выпускнікоў Цэнтра Усходнееўрапейскіх даследаванняў. Пасля смерці прафесара Свентахоўскага мы назвалі гэтую падзею ў яго гонар. Цяпер гэтая канферэнцыя мае статус міжнароднай.

Наш сімпозіум вядомы сярод маладых навукоўцаў, бо там яны могуць падзяліцца сваімі думкамі і вынікамі навуковых даследаванняў на тэму Каўказа.

У час калі Варшаўскі ўніверсітэт ладзіць навуковую канферэнцыю, прысвечаную Паўднёваму Каўказу ўвага свету прыкаваная да Грузіі, дзе адбываюцца масавыя пратэсты супраць закону аб так званых замежных агентах, які з’яўляецца чарговым этапам так званай палітычнай русіфікацыі Грузіі і далейшаму ўцягванню Сакартвэла (саманазва Грузіі) у сферу ўплыву Крамля.

Грузінская апазіцыя лічыць, што ўлада ўнесла спрэчны закон за некалькі месяцаў да парламенцкіх выбараў, якія пройдуць у кастрычніку, каб змагацца з палітычнымі апанентамі. Папрасілі даследчыка Давіда Калбаю падзяліцца сваімі меркавання па гэтым пытанні:

- Калі вы пытаецеся пра маё меркаванне на гэты конт, то, вядома, я заўсёды буду падтрымліваць ідэю збліжэння Грузіі з паўночнаатлантычнымі структурамі і заходнімі каштоўнасцямі. Аднак цяжка прагназаваць, што будзе рабіць урад. Мне здаецца, што, як кажуць эксперты, яшчэ ёсць час, каб яны перадумалі.

Я спадзяюся, што Грузія нейкім чынам пераадолее гэты кепскі шлях, які навязвае ўлада, нягледзячы на тое, што 80% грузінаў супраць прапановаў ураду, а менавіта супраць адмовы ад еўрапейскага шляху на карысць усходняга, расейскага ці далёкаўсходняга. Аднак мы гэтага не ведаем. Ураду гэта незразумела.

Гэтыя пратэсты нагадваюць тыя, што адбываліся 100 гадоў таму на тэрыторыі Грузіі. Лічу, што наша канферэнцыя важная тым, што маладыя вучоныя атрымалі права голасу. Яны абмяркоўваюць і гэтую тэму.

Агулам, Еўропа стане мацнейшай за кошт таго, што Паўднёвы Каўказ апынецца ў межах еўрапейскай цывілізацыі. Свет стане больш бяспечным. Грузія – гэта калідор паміж Усходам і Захадам, паміж гэтымі цывілізацыямі. Грузія мае выхад да мора. Натуральна, што краіна з такой багатай культурай павінна быць часткай еўрапейскай цывілізацыі. Больш за тое, чым больш краін ацэніць каштоўнасці, прапанаваныя Еўрапейскім саюзам, тым бяспечней будзе свет.

Слухайце аўдыё!