Неўзабаве пачнецца сезон летніх адпачынкаў. Многія жыхары Польшчы білеты, гатэлі альбо туры забраніравалі загадзя, у тым ліку ў мінулым годзе. Дзякуючы такому ходу адпачыць можна нашмат танней па прынцыпу «раней купляю – менш плачу». Аднак існуе немалая група людзей, якія будуць планаваць водпуск у апошні момант. Сёння мы раскажам пра тое, якія тэндэнцыі назіраюцца ва ўнутраным і замежным турызме сярод палякаў.
Амаль 60% палякаў плануюць летні адпачынак з бюджэтам у 3 тыс. злотых (амаль 700 еўра) на чалавека, такія дадзеныя вынікаюць з сацыялагічнага даследавання, праведзенага па замове банку Santander Consumer Bank.
Агулам з даследавання вынікае, што, нягледзячы на рост цэн, у тым ліку на турыстычныя паслугі, палякі не плануюць адмаўляцца ад летняга адпачынку. Больш за палову жыхароў краіны заявіла, што плануюць выехаць у водпуск. Кожны дзясяты рэспандэнт плануе бюджэтны адпачынак з выдаткаваннем да 900 злотых (207 еўра) на чалавека. 22% палякаў хочуць прызначыць на водпуск ад 1 тыс. да 2 тыс. злотых (230-460 еўра), 18% – ад 2 тыс. да 3 тыс. (460-690 еўра). 7% жыхароў краіны плануе выдаткаваць на турыстычныя мэты летам ад 3 тыс. да 4 тыс. злотых (690-920 еўра), 3% палякаў – 4-5 тыс. злотых (920-1 тыс. 150 еўра), а 5% – больш з 5 тыс. злотых.
Пры гэтым 48% заявілі, што найбольшую суму з выдаткаў на адпачынак яны плануюць прызначыць на пражыванне. 14% адпачыннікаў мяркуюць, што найбольш фінансавых сродкаў яны выдаткуюць на харчаванне, а 13% – на даезд да месца адпачынку.
Згодна з апытаннем, 58% палякаў, якія збіраюцца ехаць летам адпачываць, грошы на водпуск збіраюць на спецыяльным ашчадным рахунку, астатнія – на звычайным. Сёлета 56% жыхароў Польшчы плануюць выехаць у водпуск, а 28% мяркуюць, што аднак ім прыйдзецца адмовіцца ад летніх планаў.
Калі ж казаць пра розніцы паводле полу, то ў летні адпачынак збіраецца 65% палякаў і 49% полек. У сваю чаргу калі разглядаць згаданае пытанне паводле ўзроставых катэгорый, то 64% жыхароў Польшчы, якім больш за 40 гадоў, хочуць адправіцца ў летні тур. У групе 60+ гэтая лічба складае 50%.
Да летняга сезону рыхтуюцца не толькі людзі, але і фірмы, у тым ліку авіякампаніі – як традыцыйныя, так і нізкатарыфныя. Так, у ліпені з варшаўскага аэрапорту «Модлін» можна накіравацца ў Вену за 156 злотых (36 еўра) туды-назад. У Рым можна паляцець, заплаціўшы за білет ад 380 злотых (88 еўра) у два бакі. У Мілан і Болонню квіткі з Варшавы крыху таннейшыя. Варта зазначыць, што Італія – гэта адзін з найбольш папулярных турыстычных напрамкаў сярод палякаў.
У сваю чаргу наведаць Парыж можна за 300 злотых (70 еўра) – столькі каштуе білет з польскай сталіцы на жнівень у два бакі. За 358 злотых (83 еўра) у два бакі прыйдзецца заплаціць за квіток у харвацкі Задар. Дарэчы, Харватыя – гэта таксама папулярнае месца адпачынку сярод палякаў.
Крыху менш каштуюць квіткі на самалёт у паўночныя гарады. Так, да 200 злотых можна набыць білеты ў Каўнас, Рыгу і Капенгаген. Падобныя цэны на авіябілеты, і нават крыху ніжэйшыя, даступныя з польскіх рэгіянальных аэрапортаў: Кракава, Уроцлава, Гданьска і Катавіцаў.
Людзі з сям’ёй аддаюць перавагу адпачываць арганізавана, а вось моладзь любіць падарожнічаць самастойна альбо ў невялікай групе сяброў па розны краінах, у тым ліку ў далёкія і мала вядомыя куткі свету. Нейкі час таму палякі адкрылі для сябе Грузію, цяпер жа ўсё больш моладзі едзе знаёміцца з Узбекістанам. Катажына, якая разам са сваім сябрам Якубам вядзе блог Dobra Podróż, расказала ў эфіры моладзевага Чацвёртага каналу Польскага радыё пра паездку ў гэтую сярэднеазіяцкую краіну.
- Я хачу зазначыць, што, нягледзячы на тое, што Узбекістан адкрываецца на турыстаў, то там надалей існуе дыктатура. Калі мы едзем ва Узбекістан, то мы едзем у аўтарытарную краіну. Праўда, яна змянілася ў параўнанні з тым, што было хоць бы 10 гадоў таму. Памятаю, тады нават нельга было дастаць фотаапарата ў метро, а цяпер – без праблем, можна рабіць здымкі. 10 гадоў таму за намі хадзілі сакрэтныя супрацоўнікі і сачылі, ці мы не робім нечага недазволенага.
Узбекістан – танная краіна для падарожжаў. Найбольшы кошт – гэта авіябілеты, але іх можна знайсці па цане менш за 2 тыс. злотых у два бакі. Калі пачытаць розныя турыстычныя парталы і рэсурсы для падарожнікаў, то акажацца, што Узбекістан – адна з найтаннейшых краін для наведвання.
Калі казаць пра замежныя туры, якія папулярныя сярод палякаў сёлета, то найбольш ахвотна прадаюцца арганізаваныя паездкі ў Грэцыю, Турцыю і Балгарыю, вынікае з дадзеных, прадастаўленых турыстычнымі бюро. Але таксама жыхары Польшчы выбіраюць адпачынак у Іспаніі, у тым ліку на Маёрцы і Канарскіх астравах, Італіі (усё большай папулярнасцю карыстаюцца Сіцылія і Сардзінія), а таксама на Мальце і Кіпры.
У сваю чаргу ў выпадку ўнутранага адпачынку на першым месцы бясспрэчна застаецца Балтыка. Папулярнае таксама паазер’е ў паўночна-ўсходнім рэгіёне Вармія і Мазуры ды горы, прычым розныя горныя масівы і курорты – ад Закапанэ па Карпач.
Для таго, каб падарожжа па краіне стала больш зручным і прыемным, польскія чыгуначныя кампаніі запускаюць дадатковыя цягнікі і адкрываюць дадатковыя маршруты ў папулярныя курорты. Так, аператар рэгіянальных чыгуначных ліній Polregio запусціў сезонныя цягнікі з Гдыні ў балтыйскі Хэль, з Зялёнай Гуры – у Свінауйсце на Балтыцы, з Познані – у горны курорт Шклярска-Парэмба і г.д.
У сваю чаргу аператар цягнікоў дальняга следавання PKP Intercity павялічыў частату курсавання пасажырскіх саставаў з буйнейшых польскіх гарадоў у папулярныя курорты і адкрыў новыя летнія маршруты.
вс
слухайце аўдыёфайл