12 чэрвеня ў пяці крамах сеткі Empik па ўсёй Польшчы стартуе пілотная праграма біяметрычных плацяжоў на аснове спалучэння біяметрыі вясёлкавай абалонкі вока і рысаў твару. Пастаўшчыком гэтага наватарскага рашэння зʼяўляецца фінтэх-кампанія PayEye у супрацоўніцтве з Planet Pay. Гэта першая пілотная праграма біяметрычных плацяжоў у Еўропе па праграме Mastercard Biometric Checkout.
Польская тэхналагічная кампанія PayEye з Вроцлава ўжо некалькі гадоў распрацоўвае плацяжы з дапамогай сканавання вясёлкавай абалонкі вока і твару. Кіраўніцтва кампаніі пераконвае, што яна першая ў свеце ў гэтай галіне.
З 12 чэрвеня ў пяці крамах сеткі Empik з’явяцца спецыяльныя тэрміналы для безнаяўных разлікаў. Праект распрацаваны ў супрацоўніцтве з міжнароднай фінансавай карпарацыяй Mastercard. Аўтары інавацыйнага рашэння спадзяюцца, што ў будучыні біяметрычныя плацяжы будуць гэтак жа папулярныя, як і бескантактавыя.
Біяметрычныя плацяжы распрацоўваюцца ў свеце ўжо больш за 10 гадоў. У Польшчы, напрыклад, можна ўжо плаціць карткай на падставе адбітак пальцаў. Аднак рашэнне, якое прапануюць польскія вынаходнікі з Вроцлава, грунтуецца адначасова на двух відах біяметрычных дадзеных. Гаворка ідзе пра ўнікальную вясёлкавую абалонку вока і рысы твару.
Пра ідэю праекта расказвае сузаснавальнік і старшыня кампаніі PayEye Даніэль Яжамб (Daniel Jarząb):
- Ідэя прыйшла з патрэбы. Больш за 6 гадоў таму, разам з маім сябрам і партнёрам па бізнесе, якім з’яўляецца Радэк Руда, мы сядзелі ў рэстаране і раптам зразумелі, што ні ў аднаго з нас няма кашалька і мы не можам заплаціць за абед. Збольшага, так гэта пачалося. Зразумела інспірацыяй для нас былі рашэнні ў азіяцкіх краінах. Нагадваю, у 2017 годзе адна з кітайскіх кампаніяў пачала ўкараняць праект плацяжоў, які грунтаваўся на рысах твару. Мы вырашылі зрабіць гэта лепш і ў цэлым.
У чым заключаецца згаданае рашэнне? PayEye – гэта надалей аплата карткай, толькі пацверджаная позіркам, супакойвае скептыкаў старшыня кампаніі:
- Камеры і датчыкі ў нашых плацежных тэрміналах настолькі высокай якасці, каб яны маглі без праблем ідэнтыфікаваць асобу, нават калі ў базе дадзеных іх будуць сотні мільёнаў. Менавіта таму спалучэнне біяметрыі вока і рысаў твару – рашэнне, якое такім установам, як Mastercard гарантуе бяспеку ідэнтыфікацыі падчас здзелак, а карыстальнікам user experience, таму што хопіць адзін позірк, каб мы вельмі хутка ідэнтыфікавалі карыстальніка па вачах і твары. Дадаткова яшчэ робім double check, то бок пераправерку і толькі тады пускаем інфармацыю ў фінансавую ўстанову з пацвярджэннем, што можна зрабіць аплату. Трэба памятаць, што нашая кампанія пастаўляе выключна тэхналогію ідэнтыфікацыі, а сама здзелка – гэта надалей аплата карткай, то бок PayEye – гэта аплата карткай, пацверджаная позіркам.
Даніэль Яжамб запэўнівае, што магчымасці ашуканства тут няма:
- Няма такой магчымасці, каб нехта скажам так «заплаціў» нейкай маскай з выявай нашага твару, штучным вокам іг.д. Гэта прадухіляюць адмысловыя датчыкі, штучны інтэлект, алгарытмы, якія рэагуюць выключна на наш сапраўдны і жывы твар. Тэрмінал быў тэставаны ў амерыканскіх лабараторыях. Запэўніваю, што праект атрымаў усе неабходныя сертыфікаты і самыя лепшыя вынікі. Менавіта адтуль і магчымасць супрацы з Mastercard, якой мы вельмі ганарымся.
Пачынаючы з першапачатковай ідэі праект паступова набіраў кшталт, успамінае старшыня кампаніі PayEye:
- Першыя 6-7 месяцаў – гэта была выключна праца нас дваіх – мая і калегі Радка. Мы правяралі розныя магчымасці, падарожнічалі па свеце, інспіраваліся іншымі рашэннямі, каб наш праект быў лепшы, больш бяспечны і зручны для карыстальнікаў. У вырашальным моманце, калі мы былі блізкія да завяршэння працы, у кампаніі працавала больш за 100 чалавек. Зараз засталося каля 60 чалавек, то бок такая асноўная найважнейшая каманда адмыслоўцаў, дзякуючы якой мы ў стане ўкараняць гэтае наватарскае рашэнне на рынку.
Самае цікавае, што вынаходнікі не былі ні праграмістамі, ні тэхналагічнымі экспертамі:
- Мы не былі ні праграмістамі ні экспертамі біяметрычнай галіны і фінансаў. Гэта добра, бо, калі б мы былі, то ў 2018 годзе мы не пачыналі б згаданага праекту, вырашыўшы, што ён нерэальны. Дарэчы, такім чынам тады нас пераконвалі спецыялісты. У сваю чаргу, мы верылі, што гэта выдатная ідэя; будучыня безнаяўных плацяжоў, асабліва ў месцах, у якіх важная зручнасць і хуткасць пацвярджэння здзелкі.
Як скарыстацца згаданым рашэннем, паясняе Дарыя Аўгусцік (Daria Auguścik) з польскага аддзела Mastercard – ключавога партнёра каманіі PayEye па ўкараненні праекту:
- Па-першае, кліент павінен спампаваць дадатак PayEye, зарэгістравацца ў ім і дадаць плацежную картку, найлепш Mastercard. Падчас згаданай рэгістрацыі карыстальнік здымае свой твар апаратам у тэлефоне. Можна таксама сказаць, што гэта тэлефон скануе яго твар і сяткавіцу. Згаданыя дадзеныя неадкладна шыфруюцца ў код токен. Кампанія PayEye не захоўвае нашых здымкаў, але згаданыя коды. На такое шыфраванне дадзеных абапіраюцца таксама плацяжы Apple Pay i Google Pay – там таксама нашая картка шыфраваная на тэлефоне і дзякуючы гэтаму мы можам плаціць.
Адмысловыя тэрміналы для безнаяўных разлікаў PayEye можна будзе знайсці ў камах сеткі Empik у Варшаве, Кракаве, Познані, Вроцлаве і Чалядзі (на поўдні Польшчы). Калі рашэнне правільна спрацуе і атрымае давер кліентаў, плануецца пашырэнне паслугі на чарговыя крамы.
IAR/дг/аз