Варшава – самае папулярнае месца эканамічнай міграцыі ўнутры Польшчы. Людзі з іншых куткоў краіны прыязджаюць у сталіцу з надзеяй на больш высокія заробкі і развіццё ў прафесійным плане. Колькі ў сярэднім зарабляюць жыхары Варшавы?
Інфармацыя аб заробках апублікаваная ў «Справаздачы аб стане Варшавы 2023», якая нядаўна пабачыла свет. Варта памятаць, што прадстаўленая статыстыка адносіцца да мінулага года ў цэлым.
Паводле справаздачы, у 2023 годзе сярэднямесячны заробак без выліку падаткаў і ўзносаў у Варшаве склаў 9 тыс. 21 злоты (2 тыс. 100 еўра па актуальным курсе НБП – рэд.). Для параўнання, годам раней ён складаў 8 тыс. 104 злотыя (1 тыс. 889 еўра). У параўнанні з 2022 годам рост склаў 11,3%. Пры гэтым варта заўважыць, што ў мінулым годзе інфляцыя склала 11,4%. Самыя старыя дадзеныя, прадстаўленыя ў даследаванні, паходзяць з 2019 года, калі сярэдні заробак складаў 6 тыс. 456 злотых (1 тыс. 504 еўра).
Аўтары справаздачы таксама прывялі дадзеныя за студзень 2024 года. Сярэдняя зарплата без выліку падаткаў і ўзносаў у Варшаве склала 9 тыс. 423 злотых (2 тыс. 196 еўра), у Кракаве – 9 тыс. 391 злоты (2 тыс. 189 еўра), у Гданьску – 9 тыс. 137 злотых (2 тыс. 129 еўра), у Катавіцах – 8 тыс. 813 злотых (2 тыс. 54 еўра), ва Уроцлаве – 8 тыс. 648 злотых (2 тыс. 15 еўра).
Для параўнання, сярэдні заробак у цэнтральным Мазавецкім ваяводстве (адміністрацыйны цэнтр Варшава – рэд.) у 2023 годзе склаў 8 тыс. 552 злотыя (1 тыс. 993 еўра), а ў Польшчы – 7 тыс. 444 злотыя (1 тыс. 735 еўра). Такім чынам, варшаўская зарплата на 365 еўра большая чым сярэдняя па Польшчы.
вс