Раніцай у чацвер 4 ліпеня Telewizja Republika апублікавала дакумент, які паказвае, што Міністэрства нацыянальнай абароны плануе скараціць выдаткі на абарону прыкладна на 25% у 2025-2028 гадах, а гэта ажно 57 мільярдаў злотых.
Як паведаміў журналіст-расследавальнік Пётр Ніштар, Генеральны штаб Войска Польскага ў лісце да Міністэрства нацыянальнай абароны папярэджвае, што прапанавае скарачэнне выдаткаў азначае прыпыненне ключавых праграм мадэрнізацыі Войска Польскага.
«У адказ на заяву (...) адносна зацвярджэння праекта метадычных указанняў міністра нацыянальнай абароны па планаванні бюджэту ў Міністэрстве нацыянальнай абароны на 2025 год («Праект метадычных указанняў міністэрства нацыянальнай абароны»), паведамляю, што Генеральны штаб Войска Польскага не згодны на разгляданы дакумент. Скарачэнне ў 2025-2028 гадах прыкладна на 57 370 799 тыс. злотых (г. зн. на 25% ліміту выдаткаў) у адносінах да цяперашняга прагнозу выдаткаў (...) зробіць немагчымым захаванне напрамкаў і тэмпаў трансфармацыі польскіх узброеных сіл».
Дэпутаты «Права і справядлівасці» неадкладна пачалі парламенцкую інтэрвенцыю з нагоды меркаванага скарачэння выдаткаў на абарону. Дэпутат Павал Яблоньскі ад PiS сказаў, што такія скарачэнні істотна зменшаць абаронныя здольнасці Польшчы.
- Мы бачым, што адбываецца вяртанне да працэсаў, якія былі ў 2007-2015 гадах, то бок змяншэнне абаронных здольнасцяў Войска Польскага, ліквідацыя вайсковых часцей, скарачэнне колькасці польскай арміі, так гэта тады выглядала.
Таксама прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выступіў супраць агучанага скарачэння выдаткаў на абарону. «Я стаўлюся да гэтага абсалютна негатыўна, лічу, што ў цяперашняй сітуацыі бяспекі для Польшчы - гэта выключана», — сказаў прэзідэнт.
- Будучы Галоўнакамандуючым і галавой дзяржавы, нагадваю, што ўрад з самага пачатку казаў пра тое, што абаронная палітыка мае фундаментальнае значэнне. Таму просьба да ўраду на забіраць сродкі, якія неабходныя для ўмацавання бяспекі краіны ды бяспекі палякаў.
Такім чынам прэзідэнт адрэагаваў на паведамленні Telewizja Republika, якая паведаміла, што ўрад плануе скараціць выдаткі на абарону на 25 працэнтаў у 2025-2028 гадах. Анджэй Дуда падкрэсліў, што скарачэнне можа вынікаць са спрэчкі паміж асобнымі міністэрствамі:
- Выдаткаў цяпер вельмі шмат, але я супраць любой спробы абмежавання абаронных выдаткаў. Наколькі мне вядома, Міністэрства нацыянальнай абароны не плануе ніякіх абмежаванняў у справе выдаткаў на абарону. Падобныя дэкларацыі гучалі з Міністэрства фінансаў. Відаць унутры ўраду пакуль няма адзінства.
Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы рашуча абвергла інфармацыю Telewizja Republika аб планаваным скарачэнні выдаткі на абарону на суму 57 мільярдаў злотых у 2025-2028 гадах. «Гэтыя заявы абсалютна беспадстаўныя і ўводзяць у зман грамадскую думку», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Міністэрства нацыянальнай абароны. Прадстаўнікі міністэрства адзначылі, што наадварот сёлета выдаткі павялічацца на 10 працэнтаў.
Гэтая тэма, як і падрыхтоўка да саміту НАТА ў Вашынгтоне, сталі асноўнымі пытаннямі, якія абмяркоўваліся сёння на сустрэчы ў Быдгашчы прэзідэнта з кіраўніком Міністэрства нацыянальнай абароны Уладзіславам Касіняк-Камышам і вайсковым камандаваннем.
Напярэдадні нарады генерал Раман Полка заявіў у эфіры Польскага радыё, што для бяспекі Польшчы вельмі важна, каб што польскія ўлады гаварылі адным голасам.
- Мы павінны мець адзіную пазіцыю: прэзідэнт і прэм’ер, і міністры. Мы павінны памятаць, што для бяспекі Польшчы ключавым фактарам цяпер з’яўляецца дапамога Украіне, каб агрэсар быў спынены, каб не даць Пуціну перамагчы. Павінна быць таксама салідарнасць з боку НАТА у стасунку да варварскай агрэсіі Расіі.
У Польшчы апазіцыя непакоіцца, што ўрад скарачае выдаткі на абарону. Чыноўнікі пярэчаць. Эксперты нагадваюць пра важнасць згоды, асабліва ў пытаннях бяспекі.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч