Паводле высноў, эканоміка Беларусі паскорыла рост у II квартале 2024 г., ВУП краіны павялічыўся на 5,5% у параўнанні з II кварталам 2023 года. Але ва ўмовах дэфіцыту працоўных рэсурсаў такі высокі тэмп росту выпуску прывёў да падвышэння перагрэву эканомікі, то бок ідуць працэсы, якія парушаюць баланс і ў пэўных умовах гэта можа прывесці, напрыклад, да істотнага скачку інфляцыі.
Але пакуль што інфляцыя ў Беларусі стрымліваецца, афіцыйна гэты паказчык у II квартале 2024 г. быў на ўзроўні - 6, 1% (квартал да квартала). Цэны на тавары, асабліва нехарчовыя, раслі павольна з-за кантролю. У той жа час у сферы нерэгулюемых паслуг рост цэн падвышаны. Як адзначае навуковы супрацоўнік BEROC эканаміст Анатоль Харытончык, гэта стварае гэтак званы «інфляцыйны навес»:
— У сваю чаргу цэнавы ціск узмацніўся ва ўмовах пашырэння звышпопыту і перагрэву рынку працы, паскарэння інфляцыі ў Расіі. Калі цэны застануцца не гнуткімі, то інфляцыя па выніках года складзе 5-7 працэнтаў і ў наступным годзе можа паскорыцца ў дыяпазоне 6–9 працэнтаў. Нягледзячы на ўзмацненне інфляцыйных рызык, грашовая і манетарная палітыка заставаліся ўмерана мяккімі ў другім квартале.
«Рызыкі ніжэйшага росту ВУП і больш высокай інфляцыі ў параўнанні з базавым сцэнарам пераважаюць на сярэднетэрміновым гарызонце. Больш высокі кароткатэрміновы рост эканомікі без назапашвання інфляцыйнага патэнцыялу магчымы ў выпадку інтэнсіфікацыі інвестыцый і забеспячэння іх эфектыўнасці», адзначаюць эксперты.
Эканаміст Дзмітрый Крук кажа, што знешнегандлёвая пазіцыя Беларусі аслабла ва ўмовах залішняга попыту і зніжэння экспартных цэнаў. Чакаецца, што дынаміка эканамічнай актыўнасці замарудзіцца ў другой палове года, а прырост ВУП будзе каля 4 працэнтаў па выніках 2024 года.
«Як і ў ранейшыя перыяды маторам росту з‘яўляецца ўнутраны попыт. Але ў другім квартале свой унёсак у паказчыкі росту зрабіла інвестыцыйная актыўнасць фірм. Але галоўным драйверам застаецца ўнутраны попыт. Таксама ўжо на працягу двух гадоў вялікі ўплыў на эканамічную сітуацыю аказвае істотны рост рэальнай заработнай платы, які і абганяе прадукцыйнасць і адначасова з‘яўляецца адным з фактараў пагаршэння фінансавых пазіцый фірм. У аснове гэтага трэнду – дэфіцыт працоўных кадраў, і гэта захоўвае ўплыў на эканоміку», — тлумачыць эканаміст Дзмітрый Крук.
.
Таксама эксперт звяртае ўвагу на змены ў знешнім гандлі. З аднаго боку адбыўся істотны рост фізічных аб‘ёмаў экспарту — «скарыў новыя максімумы пасля пачатку вайны».
А з іншага боку за аб‘ёмамі экспарту беларускіх тавараў і паслуг ідзе растуць паказчыкі фізічных аб‘ёмаў імпарту. І ў гэтым плане захоўваецца трэнд на плаўнае пагаршэнне знешняга гандлю.
Найбольш унёсак у рост эканомікі ўнеслі апрацоўваючая прамысловасць, затым ідуць сельская гаспадарка і будаўніцтва. Паводле эканаміста, цяпер назіраецца рост аб‘ёмаў выпуску прадукцыі, і гэта адна з галоўных пазітыўных тэндэнцый для беларускай эканомікі
«Чым можна патлумачыць рост выпуску? Пазітыўны ўсплёск знешняга попыту ў Расіі. Новы ўсплёск, новы пік у фізічным аб‘ёме экспарту – важны складнік. Верагодна, максімум дасягнуты і з улікам затарможвання расійскай эканомікі можна меркаваць, што будзе назірацца зніжэнне аб‘ёмаў попыту і, адпаведна, беларускага імпарту тавараў і паслуг», — гаворыць эканаміст.
Паказчыкі прадукцыйнасці растуць, але індыкатар аддачы на капітал (наколькі эфектыўныя інвестыцыі) паступова змяншаецца.
Таксама ўнутраны попыт у краіне ўсё больш адказвае за разгон ВУП, гэты надзвычайны перагрэў выклікае апасенні і ёсць адной з важных характарыстык стану беларускай эканомікі.
Агулам вышэйшы кароткатэрміновы рост эканомікі Беларусі без назапашвання інфляцыйнага патэнцыялу магчымы ў выпадку інтэнсіфікацыі інвестыцый і забеспячэння іх эфектыўнасці.
Падвышаны рост попыту ў Расіі на беларускія тавары ды павелічэнне энергетычных субсідый у форме нізкіх цэнаў на газ і нафту з Расіі могуць прывесці да больш актыўнай дынамікі эканамічнай актыўнасці ў Беларусі.
Кітайскі экспарт у Еўропу — наколькі сур‘ёзныя лічбы?
У кантэксце ціску Польшчы на Беларусь з мэтаю вызваліць палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута (маюцца на ўвазе пагрозы польскага боку перакрыць наземную мяжу для экспарту кітайскіх тавараў у Еўропу, — рэд.) наколькі істотнымі ёсць гэтыя паказчыкі для беларускай эканомікі? Ці сапраўды Кітай так шмат вязе на Захад праз беларуска-польскую мяжу?
Эканаміст Дзмітрый Крук кажа пра два складнікі ў гэтым працэсе.
«Ёсць розныя індыкатары, якія ацэньваюць долю беларускага транзіту ў агульным аб‘ёме кітайскага экспарту ў Еўропу. Большасць індыкатараў паказваюць, што беларускі шлях дае толькі 4-5 працэнтаў ад агульнага экспарту Кітая ў Еўропу. З пункту Беларусі гэты аб’ём транзіту, калі яго накласці на шкалу ВУП, складзе да аднаго працэнта. А з улікам другасных эфектаў, калі браць самыя радыкальныя ацэнкі, гэтая лічба будзе да 2,5 працэнта. То бок лічбы не супер-вялікія.
Але ёсць іншы бок медаля, які, паводле майго меркавання, больш важны. Транзіт з Кітая — гэта апора і фундамент кітайскага інтарэсу ў Беларусі. Іншых праектаў не так шмат, але для беларускіх уладаў іх цяпер крытычна важна запусціць ці рэанімаваць. Я маю на ўвазе праект “Вялікі камень“. Гэта спадзеў на інвестыцыі з Кітая. Але, калі не будзе сарцавіны ў выглядзе кітайскага транзіту, гэта выбівае зэдлік з-пад ног у спадзевах актывізаваць эканамічны ўплыў Кітая ў іншых сферах. А гэты ўплыў у будучыні можа быць значным», — тлумачыць эканаміст.
вх