Беларуская Служба

Беднасць сярод палякаў ніжэйшая, чым у багацейшых краінах ЕС

05.09.2024 11:03
Матэрыяльны дастатак палякаў лепшы, чым у многіх краінах ЕС з большым нацыянальным даходам на душу насельніцтва.
 .
Ілюстрацыйны здымак.stevepb/pixabay.com/CC0

Больш людзей могуць дазволіць сабе адпачынак або нечаканыя фінансавыя выдаткі, піша газета Rzeczpospolita.

Калі б багацце палякаў вымяралася валавым унутраным прадуктам на душу насельніцтва, то яны былі б на 20-м месцы ў Еўрасаюзе. За Польшчай была б Румынія, Венгрыя, Харватыя, Славакія, Латвія, Грэцыя і Балгарыя. Усё гэта краіны, якія або ўвайшлі ў ЕС адначасова з Польшчай, або пазней.

Аднак значна лепшая карціна вымалёўваецца з аналізу іншых звестак пра багацце палякаў. Гэта не арыфметычны падлік ВУП, а пералік рэчаў, якія людзі могуць сабе дазволіць. Яны паказваюць, што за апошнія гады сітуацыя палякаў палепшылася, што, верагодна, з'яўляецца вынікам сацыяльных праграм, уведзеных урадам «Права і справядлівасці», якія павялічылі наяўны даход многіх бедных сем'яў.

Калі была ўведзена праграма 500+ (штомесячная выплата на кожнае дзіця ў памеры пачаткова 500, а цяпер 800 злотых), многія сем'і ўпершыню паехалі на мора. Гэта пацвярджаюць дадзеныя Еўрастата. Што тычыцца паездак на адпачынак, можна сказаць, што Польшча выйшла ў заходнюю лігу, таму што за ёй ідзе большасць краін Усходняй Еўропы, але таксама некалькі краін Паўднёвай Еўропы.

Пра гэта сведчыць інфармацыя Еўрастата, дзе людзі адказваюць на пытанне, ці могуць яны дазволіць сабе хаця б тыдзень адпачынку па-за домам? У Польшчы тых, хто не можа сабе гэтага дазволіць, 28%. Гэта яшчэ шмат, але яшчэ горшая сітуацыя ў 14 краінах Еўрасаюзу, у тым ліку амаль ва ўсіх, якія ўступілі ў Супольнасць разам з палякамі ці пазней (выключэнне — Чэхія, Эстонія і Славенія). Тут гаворка пра Грэцыю, якая стала бяднейшай за апошнія гады, але таксама Італію, Іспанію і Партугалію.

Rzeczpospolita/ав