Кожны трэці супрацоўнік быў абсмяяны перад калегамі або сутыкнуўся з псіхалагічным гвалтам, вынікае са справаздачы «Мобінг на працоўным месцы», апублікаванай у выданні Gazeta Wyborcza.
93 працэнты апытаных адзначаюць, што хаця б раз на сваім працоўным месцы сутыкнуліся з сітуацыяй, якую можна было б назваць мобінгам. Больш за тое, практычна кожны другі рэспандэнт сцвярджае, што сутыкаецца з такімі паводзінамі хаця б раз на тыдзень. Больш за палову сутыкаюцца з мобінгам часцей за адзін раз на тыдзень.
Супрацоўнікі, якія падвяргаюцца мобінгу, часцей за ўсё скардзяцца на тое, што агрэсар ігнаруе іх прысутнасць. Большасць асобаў, якія прымяняюць у дачыненні да іншых псіхалагічны гвалт, стаяць вышэй у службовай іерархіі. Гэта, у сваю чаргу прымушае ахвяраў маўчаць з-за боязі за сваё працоўнае месца.
Выданне адзначае, што хоць мы звязваем мобінг у асноўным з буйнымі гарадамі і карпарацыямі, праблема можа быць яшчэ больш сур'ёзнай у невялікіх гарадах і невялікіх кампаніях.
Галоўным чынам таму, што ў буйных кампаній ёсць адпаведныя працэдуры, хоць бы на паперы, па барацьбе з парушэннямі. Між тым, мобінг можа датычыць практычна любой галіны або працоўнага месца.
Паводле справаздачы, ёсць галіны, у якіх супрацоўнікі асабліва скардзяцца на адсутнасць працэдур барацьбы з мобінгам. Гэта, перш за ўсё, будаўніцтва, рознічны гандаль і прамысловая вытворчасць, адзначае Gazeta Wyborcza.
аз