12 верасня 1989 года Сейм Польскай Народнай Рэспублікі выказаў вотум даверу ўраду Тадэвуша Мазавецкага. Ён стаў першым прэм’ер-міністрам у пасляваеннай гісторыі Польшчы, які не быў прадстаўніком Польскай аб’яднанай рабочай партыі. Урад Мазавецкага павінен быў вырашыць важныя задачы: вывесці Польшчу з сацлагеру і перавесці краіну на рынкавую эканоміку.
Выступаючы ў Сейме 35 гадоў таму, Тадэвуш Мазавецкі расказаў пра тое, якой ён хацеў бы бачыць Польшчу.
- Польшча павінна быць адкрытая на Еўропу і свет. Польшча не павінна мець комплексу непаўнацэннасці. Наша краіна павінна ўдзельнічаць у сусветных эканамічных і культурных працэсах. Я б хацеў, каб нашых суайчыннікаў з радасцю прымалі ў іншых краінах, і не ўспрымалі як грамадзян другой катэгорыі.
Выбар Тадэвуша Мазавецкага на пасаду прэм’ера з'яўляецца надзвычай важнай падзеяй у гісторыі Польшчы - яе можна параўнаць з іншымі важнымі момантамі ў гісторыі Польшчы, гаворыць прафесар эканамічных навук Станіслаў Гамулка, які ў кабінеце Мазавецкага быў дарадчыкам па эканамічных пытаннях. Ён – адзін з аўтараў эканамічнай трансфармацыі Польшчы.
- Стварэнне ўраду Тадэвуша Мазавецкага ў 1989 годзе – гэта надзвычай важны момант у нашай гісторыі. Гэтую падзею можна параўнаць з іншымі важнымі датамі. Напрыклад, 12 верасня 1683 года адбылася бітва пад Венай, дзе войскі польскага караля Яна ІІІ Сабескага перамаглі асманскую армію. Розніца толькі ў тым, што Польшча ў часы Сабескага была імперыяй, а ў 1989 годзе польская эканоміка была ў трагічным стане. Але я хацеў бы сказаць некалькі слоў пра тое, што адбывалася да 1989 года і што стала прычынай складанай сітуацыі Польшчы.
У 1989 годзе ў Польшчы была вялізная замежная задоўжанасць, якая вынікала з вялікіх інвестыцый эпохі кіраўніка ПНР Эдварда Герэка. Інвестыцыі адбываліся за кошт замежных пазыкаў. У 1981 годзе ПНР перастала сплачваць замежныя пазыкі. Былі ўведзеныя вялізныя абмежаванні на імпарт тавараў, а ў 1979-1982 гадах Польшчу ахапіў эканамічны крызіс. За гэты перыяд ВУП краіны зменшыўся ажно на 24%. Гэта адна з найбольшых эканамічных рэцэсій у Еўропе.
Летам 1989 года былі ўведзеныя свабодныя цэны на прадукты харчавання. У выніку ў жніўні цэны на харчовыя тавары выраслі на 50%. Такім чынам, перад стварэннем ураду Мазавецкага ў Польшчы назіралася змяншэнне ВУП і амаль што гіперінфляцыя.
Паводле прафесара Гамулкі, у той час у камандзе эканамістаў прэм’ера Мазавецкага былі розныя меркаванні – не існавала адзінага падыходу наконт рэформаў, якія былі неабходныя.
- У нас былі розныя меркаванні. У 1989 годзе, калі праходзіў «Круглы стол» паміж прадстаўнікамі прафсаюзу «Салідарнасць» і ўладамі ПНР, «Салідарнасць» не спадзявалася, што будзе кіраваць краінай – хутчэй, што будзе ў апазіцыі. Сітуацыя змянілася 5 чэрвеня пасля выбараў, якія прайшлі днём раней, калі ўрад Ярузэльскага іх прайграў. Ярузэльскі спрабаваў стварыць альтэрнатыўны ўрад, але аказалася, што ў яго няма падтрымкі. Хачу звярнуць увагу яшчэ на адзін аспект: у Савецкім Саюзе кіраваў Міхаіл Гарбачоў. Ён прыехаў у Польшчу і сказаў, што калі ў нас адбудуцца нейкія перамены, то СССР сваіх войск не ўвядзе. Гэта азначала, што Ярузэльскі не мог спадзявацца падтрымкі з Масквы і быў прымушаны пайсці на супрацоўніцтва з «Салідарнасцю».
Пасля выбараў у чэрвені 1989 года быў стораны ўрад Мечыслава Ракоўскага – прадстаўніка ўладаў ПНР. Аднак ён не справіўся з пастаўленай задачай і ў верасні на пасаду прэм’ера быў выбраны Тадэвуш Мазавецкі. Праз месяц быў створаны ўрад пад яго кіраўніцтвам. Віцэ-прэм’ерам па эканамічных пытаннях стаў эканаміст Лешак Бальцаровіч, які разам са сваёй камандай прыступіў да радыкальных рэформаў, названых пазней «шокавай тэрапіяй». Гэтыя рэформы і цяпер ацэньваюцца па-рознаму. Некаторыя грамадзяне лічаць, што іх можна было правесці менш балюча.
- Перад тым, як стаць дарадчыкам ураду Мазавецкага, я шмат гадоў быў дарадчыкам Міжнароднага валютнага фонду. МВФ выступіў з пэўнымі прапановамі адносна рэформаў польскай эканомікі, і яны былі ўзятыя пад увагу падчас іх правядзення. Мы падрыхтавалі праграму рэформаў, прадставілі яе ў МВФ і Тадэвушу Мазавецкаму. Першапачаткова ён быў здзіўлены тым, што рэформы даволі радыкальныя. Дарэчы, Бальцаровіч сказаў Мазавецкаму, што калі прэм’ер не падпіша праграмы рэформаў, то ён падасць у адстаўку. Канешне, рэформы былі вельмі радыкальныя, але адначасова мы атрымалі падтрымку заходніх дзяржаў і 50-працэнтнае спісанне замежнага доўгу.
слухайце аўдыёфайл
Размова з прафесарам Станіславам Гамулкам прагучала ў эфіры Першага каналу Польскага радыё