Беларуская Служба

Паўднёвая Карэя купіць польскія дроны-камікадзэ

14.09.2024 06:02
Сваю гатоўнасць набыць польскія сістэмы карэйцы афіцыйна тлумачаць набыццём праверанай у баях і адпрацаванай ударнай сістэмы, якой у карэйскай арміі да гэтага часу не было.
- Warmate    WB Group
Беспілотнік-камікадзэ Warmate вытворчасці польскай кампаніі WB Group крыніца: WB Group

Міністэрства абароны Паўднёвай Карэі плануе набыць у Польшчы каля 200 беспілотнікаў-камікадзэ Warmate вытворчасці польскай кампаніі WB Group. Гэтыя беспілотнікі прайшлі баявыя выпрабаванні, сярод іншага, ва Украіне, паведамляе партал Biznes Alert

Чакаецца, што закупка польскіх баявых дронаў адбудзецца сёлета. Паводле звестак карэйскіх СМІ, гаворка ідзе аб закупцы каля 200 беспілотнікаў польскай вытворчасці на суму ў 10 млн еўра. Частку дронаў плануюць паставіць у гэтым годзе, астатнюю - у наступным. 

Сваю гатоўнасць набыць польскія сістэмы карэйцы афіцыйна тлумачаць набыццём праверанай у баях і адпрацаванай ударнай сістэмы, якой у карэйскай арміі да гэтага часу не было. Аднак гучаць меркаванні, што гэтая закупка носіць маркетынгавы характар ​​— ідэя была ў тым, каб стварыць уражанне раўнавагі ў гандлёвых адносінах паміж Варшавай і Сеулам пасля шматмільярдных закупак Польшчай узбраення і вайсковай тэхнікі ў Карэі. Гэта танкі K2, САУ K9, самалёты FA-50 і рэактыўныя сістэмы залпавага агню K239 Choonmo. Польскі ўрад, паводле карэйскіх журналістаў, пераканаў карэйцаў набыць вырабы польскага ВПК. 

Дроны-камікадзэ Warmate - гэта ўдарная сістэма, прызначаная для выяўлення і знішчэння лёгкабраняваных і небраняваных цэляў праціўніка. Дальнасць палёту складае прыкладна 30 км, а час у паветры - 60 хвілін. Беспілотнік абсталяваны электрарухавіком і невялікай боегалоўкай. Гэтая сістэма была паспяхова выпрабаваная падчас вайны ва Украіне, дзе яе выкарыстоўвалі, у прыватнасці, украінскі спецназ і Дзяржаўная памежная служба. Warmate паспяхова атакаваў расійскія радыёлакацыйныя станцыі, сістэмы радыёэлектроннай барацьбы і зенітныя комплексы.

Прыватная польская кампанія WB Group пастаянна развівае сваю лінейку ўдарных беспілотнікаў. Падчас нядаўняй выставы ВПК у Кельцах быў паказаны новы праект ударнага беспілотніка з дальнасцю палёту ў 1 тыс. км і масай боегалоўкі ў 60 кг. Гэта маюць быць польскія адпаведнікі расійска-іранскіх баявых дронаў Shahed.

вс