Беларуская Служба

Засвоеныя ўрокі паводкі 1997 года: запусцілі працэдуру напаўнення вадасховішча ў Рацібожы

16.09.2024 12:32
Будаўніцтва сухога вадасховішча ў Рацібожы завяршылася вясной 2020 года.
       .
Вадасховішча ў Рацібожы прымае ваду з ракі Одэр. Фота: PAP/Michał Meissner

Польшча змагаецца з магутнай паводкай, населеныя пункты паўднёвай часткі краіны часткова пайшлі пад ваду. Ці ўлады дзяржавы зрабілі высновы пасля паводкі, якая наведала краіну пад канец мінулага стагоддзя? Некаторыя інвестыцыі былі праведзеныя. Сайт businessinsider паведамляе пра вадасховішча на рацэ Одэр у Рацібожы Дольным (Racibórz Dolny). «Упершыню запушчана працэдура напаўнення гэтага вадасховішча», – паведаміў надоечы кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Томаш Семоняк (Tomasz Siemoniak).

«Мы запусцілі сухое вадасховішча Racibórz Dolny, якое здольнае прыняць да 185 мільёнаў кубаметраў паводкавай вады Одэру. Яго выкарыстанне дапаможа зменшыць хвалю паводкі і павысіць бяспеку гарадоў і пасёлкаў ніжэй уздоўж ракі», – заявілі раней у прадпрыемстве Wody Polskie (Воды Польскія).

Будаўніцтва сухога вадасховішча ў Рацібожы завяршылася вясной 2020 года. Першы раз вадасховішча напаўнялі ў кастрычніку 2020 года. Аднак, як адзначыў кіраўнік МУС, працэдура поўнага напаўнення вадасховішча запускаецца ўпершыню.

«Я хачу адзначыць, што гэта вялікая інвестыцыя нашага ўраду, якая была задуманая з мэтаю абараніць раку Одэр ад празмерна высокай хвалі», – паведаміў Томаш Семоняк. Што ён мае на ўвазе, калі інвестыцыю ажыццявіў урад партыі «Права і справядлівасць»? Магчыма, тое, што будаўніцтва пачалося ў 2013 годзе, калі краінай кіравала кааліцыя Грамадзянскай платформы і Польскай сялянскай партыі.

Вадасховішча займае плошчу 26 квадратных кіламетраў, яго праектная ёмістасць складае 185 мільёнаў кубаметраў. Даўжыня плацін вадасховішча больш за 20 км. Кошт інвестыцыі, якую разам фінансавалі Еўрапейскі Саюз, Сусветны банк, Банк развіцця Рады Еўропы і дзяржаўны бюджэт Польшчы, склаў каля 2 мільярдаў злотых.

нг