Беларуская Служба

Італьянцы і палякі змагаюцца за лідарства на мэблевым рынку

19.09.2024 10:30
Пазіцыя польскіх кампаніяў на сусветным мэблевым рынку апынулася пад пагрозай.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Mariakray/pixabay.com/CC0 Public Domain

У другім квартале Італія вярнула сабе другое месца па экспарце мэблі на сусветны рынак. Гэтаму спрыяюць структурныя змены, а таксама цыклічная рэцэсія ў Германіі, адзначае Puls Biznesu.

Паводле газеты, мэблевая прамысловасць з’яўляецца добрым прыкладам рынку, на якім Польшча за апошнія больш за дзесяць гадоў дасягнула вядучай пазіцыі ў міжнародным маштабе. У пэўнай ступені палякі зрабілі гэта за кошт іншых еўрапейскіх краін, у першую чаргу Італіі. Цяпер, аднак, італьянскія кампаніі пачынаюць вяртаць сабе частку страчаных рынкаў.

Puls Biznesu адзначае, што Польшча, па-ранейшаму, дамінуе ў Еўрасаюзе. Кожны шосты еўра, выдаткаваны на імпарт мэблі ў ЕС, паступае ў Польшчу, а ў выпадку Італіі - кожны дзясяты.



Паводле газеты, прычыны поспеху польскіх экспарцёраў тлумачацца не толькі падзеннем канкурэнтаздольнасці італьянскай эканомікі ў выніку пазыковага крызісу. Пераваг больш - ад адносна нізкага кошту працоўнай сілы, кваліфікаванага персаналу, спрыяльнага макраэканамічнага асяроддзя, доступу да заходніх тэхналогій і ноу-хау да агульнага, хуткага эканамічнага росту.

Тым не менш, хоць Польшча дамінуе на еўрапейскім рынку, Італія можа пахваліцца значна большым продажам на рынкі па-за супольнасцю. Італьянскія брэнды і дызайн папулярныя на іншых кантынентах.

Такім чынам, розніца ў агульным экспарце мэблі паміж Польшчай і Італіяй была невялікай і зараз італьянцы зноў абагналі палякаў. У другім квартале экспарт італьянскай мэблі склаў 2,9 мільярда еўра, а польскай - 2,8 мільярда еўра. Такім чынам адбылося ўпершыню з 2018 года. Пакуль невядома ці гэта пастаянная ці часовая тэндэнцыя.

Газета таксама адзначае, што ёсць яшчэ адна прычына, па якой Італія абагнала Польшчу – гэта сітуацыя ў Германіі. Польская мэбля прадаецца ў свет пераважна праз Германію, куды накіроўваецца больш за 30 працэнтаў польскага продажу.

аз