Беларуская Служба

Беларускія бізнесоўцы, якім прыйшлося з'ехаць з Беларусі, не толькі не адмовіліся ад бізнесу, але і ладзяць конкурс з прывабнай прэміяй

22.09.2024 22:47
Тры фірмы атрымаюць па 5 тысяч еўра.
Аўдыё
  • Форум беларускага бізнесу за мяжой
     .
Плакат форуму беларускага бізнесу за мяжой. Фота: БСПР/нг

Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой (ABBA - The Association of Belarusian Business Abroad) у супрацоўніцтве з Польскай гандлёвай палатай правяла ў польскай сталіцы VII форум беларускага бізнесу за межамі Беларусі. На яго былі запрошаныя  беларускія прадпрымальнікі з розных краін свету, не толькі з Еўропы, але таксама з Амерыкі. Удзельнікі маглі ўдзельнічаць у дыскусіях аб магчымасцях прасоўвання бізнесу і продажу, між іншым, пры дапамозе штучнага інтэлекту, паслухаць, дзе знайсці крыніцы фінансавання бізнесу, пазнаёміцца з прыкладамі поспеху беларускага бізнесу за мяжой.

АВВА існуе тры гады, на працягу гэтага часу праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускія прадпрымальнікі, узмацнілі членаў арганізацыі і натхнілі іх на новыя ідэі, - адзначыў старшыня асацыяцыі Яўген Буры.

- Менавіта цяжкасці, з якім сутыкаецца беларускі бізнес, і змаглі трансфармаваць ідэю ў асацыяцыю, якая аб’ядноўвае беларусаў з 13 краін свету. Я зразумеў, што найбольшы гонар – гэта мець магчымасць дапамагаць іншым, тым, хто таксама цэніць свабоду, хто гатовы развівацца, не губляючы пры гэтым сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці. І калі мы ўсе разам даб'ёмся яшчэ большага поспеху, беларускі бізнес зможа стаць тым падмуркам, на якім будзе будавацца новае, міждзяржаўнае партнёрства Беларусі.  

Віцэ-прэзідэнт Польскай гандлёвай палаты Анджэй Шумоўскі (Andrzej Szumowski) павіншаваў прадпрымальнікаў і падзякаваў тым, хто выбірае Польшчу месцам свайго бізнесу.

- Польская гандлёвая палата ганарыцца тым, што яна можа падтрымліваць легальны беларускі бізнес. Мы таксама ганарымся тым, што Польшча – гэта месца, дзе прадпрымальнікі вядуць сваю справу, супрацоўнічаюць з польскім бізнесам і развіваюць добрасуседскія адносіны. Я спадзяюся, што гэтая сустрэча палепшыць кааперацыю паміж арганізацыямі, установамі і кампаніямі. Мы сабраліся тут, каб размаўляць пра тое, як будаваць моцную супольнасць, дабрабыт і прагрэс у новай Беларусі, якая будзе незалежнай, дэмакратычнай краінай. І вы маеце рацыю, калі ганарыцеся тым, што вы прадстаўляеце беларускі бізнес.      

На сустрэчу ў прэстыжным варшаўскім гатэлі Sheraton Grand прыбылі беларускія прадпрымальнікі, якія прадстаўляюць самыя розныя галіны бізнесу. Некаторыя прыехалі з іншых гарадоў. Для іх былі важныя не толькі панэльныя дыскусіі, але і сустрэчы ў кулуарах.

Вольга, уладальніца студыі ёгі і фітнесу: Я прыйшла, каб сустрэцца з беларусамі, прадпрымальнікамі, якім удалося стварыць свой бізнес або працягнуць яго ў Польшчы, даведацца аб вопыце адаптацыі ў Польшчы, з якімі праблемамі сутыкаюцца і як іх вырашаюць.

Антон Сівых, мастак, кінематаграфіст: Я прыехаў пагутарыць з людзьмі, мне цікава даведацца пра іх дзейнасць. Раней, калі я яшчэ жыў у Беларусі, я быў вельмі ўключаны ў беларускую супольнасць, цяпер мае праекты накіраваныя на польскую супольнасць, я б хаце зразумець, як лепей звяртацца да беларусаў. Мне здаецца, што важна развіваць беларускую культуру. Я хачу сустрэцца з некалькімі канкрэтнымі людзьмі. Вельмі крута, што такія падзеі ёсць, дзе збіраюцца беларусы, якія робяць сваю справу.

Ірына Паўловіч, прадзюсарка, прадпрымальніца, блогер: Гэта неверагодна каштоўна як networking, як досвед, камунікацыя. Гэта заўжды акупаецца і ў плане карысных кантактаў, і ў плане эмацыйным, і развіцця.

На форуме былі таксама аб’яўленыя пераможцы конкурсу для найлепшых сацыяльна-арыентаваных кампаній. Гэтыя тры фірмы атрымаюць па 5 тысяч еўра прэміі. Конкурс заўсёды карыстаецца вялікім поспехам сярод удзельнікаў. Грошы на яго выдзяляе Еўракамісія, але беларускія бізнесоўцы самі маглі б сабраць сродкі на такія ўзнагароды, - гаворыць ініцыятарка прэміі, віцэ-старшыня АВВА Марына Гірын.

- Мы заўсёды атрымліваем шмат заявак, на ўзнагароджанні бачым шчаслівыя твары, чуем добрыя водгукі. Конкурс для бізнесменаў, якія рэлацыраваліся з Беларусі пасля 2020 года. У нас розныя намінацыі. Сёння гэта «Art business», «Eco Business» і «Business Lady». Пераможцы рэальна класныя і дастойныя. Грошы на гэтую прэмію дала Еўракамісія. Але ж мы і самі – беларусы, бізнесоўцы – можам гэтую прэмію працягваць. Мы можам самі сабраць грошы, не абавязкова 5 тысяч еўра, можа быць і 3 тысячы. Калі гэтая ідэя ажыццявіцца, я буду самая шчаслівая.

Узнагароды для трох намінаваных кампаній. Плюс грашовая прэмія - 5 тыс. еўра. Узнагароды для трох намінаваных кампаній. Плюс грашовая прэмія - 5 тыс. еўра.

Пераможцамі прэміі сталі:

- «GlaBus» — у намінацыі «Eco Business». Кампанія «GlaBus» працуе над стварэннем экалагічна чыстых матэрыялаў для дарожнага будаўніцтва, выкарыстанне якіх змяншае выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу. Максімальна выкарыстоўвае перапрацаваныя матэрыялы.

- «Alika. Mosaic» — у намінацыі «Art business». Кампанія стварае ўнікальныя творчыя наборы, якія дазваляюць кожнаму зрабіць свой уласны мазаічны твор.

- «LYN cosmetics» — у намінацыі «Business Lady». Брэнд натуральнай касметыкі, які «робіць акцэнт на бяспецы для чалавека і навакольнага асяроддзя».

нг