Польшча і пяць іншых краін ЕС кідаюць выклік кітайскім платформам інтэрнэт-продажаў, паведамляе Rzeczpospolita. Яны патрабуюць увядзення мытных тарыфаў на прадукцыю, набытую праз платформы Temu i Shein. Кітайскія платформы заваёўваюць рынак хітра абыходзячы еўрапейскія правілы і зборы.
Дзеянні ў гэтым пытанні ініцыявала Германія, якую падтрымліваюць Польшча, Аўстрыя, Данія, Францыя і Нідэрланды. Гэтыя краіны папрасілі Еўракамісію распачаць цэлы шэраг дзеянняў, накіраваных на стрымліванне несумленнай, на іх думку, канкурэнцыі з боку кітайскіх пляцовак.
Краіны ЕС адзначаюць, што Еўрапейская камісія прызнала Temu i Shein г.зв. Vlop (Very Large Online Platforms - «вельмі вялікія інтэрнэт-платформа»). І як такія, яны маюць абавязацельствы адносна, напрыклад, кантролю за законнасцю прадукцыі, якая прадаецца праз іх. Таксама кітайскія прадаўцы павінны адпавядаць еўрапейскім стандартам якасці і бяспекі.
Шэсць краін, у тым ліку Польшча, таксама хочуць больш уважліва вывучыць, якія персанальныя дадзеныя збіраюць гэтыя платформы і як іx выкарыстоўваюць.
Краіны ЕС заклікаюць да адмены мытнай льготы- 150 еўра - і ўвядзення ПДВ на прадукты, якія пастаўляюцца праз гандлёвыя кітайскія платформы Temu і Shein.
яс