Беларуская Служба

Арабы паедуць у Татры таксама зімой. Рэйсаў Air Arabia будзе больш

04.10.2024 12:47
З 19 снежня перавозчык будзе лятаць па гэтым маршруце пяць разоў на тыдзень.
.
. Photo: barbaarian/Redakcja Białoruska/PRdZ

У Татры зімой прыедуць і турысты з арабскіх краін, якія масава наведалі Закапанэ падчас вакацый. Air Arabia павялічыць частату палётаў з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў у Кракаў. Арабскія турысты ўжо браніруюць месцы для адпачынку ў сталіцы Татраў, пиша эканамичны партал money.pl.

Авіякампанія Air Arabia забяспечвае сувязь паміж сталіцай Малапольшчы і Шарджай у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. З 19 снежня перавозчык будзе лятаць па гэтым маршруце пяць разоў на тыдзень. Згодна з паведамленнем, падчас наступных вакацый Air Arabia будзе выконваць 16 рэйсаў у тыдзень па маршруце Кракаў-Шарджа.

- Калі павелічэнне прытоку турыстаў з Аравійскага паўвострава летам нас не здзівіла, то цікавасць да нашага напрамку з боку арабскіх гасцей у зімовы перыяд ужо здзіўляе. Яшчэ ранняй вясной не было планаў пабудаваць гэты сегмент турызму на зімовы перыяд. Некаторыя нават сцвярджалі, што арабы не лыжнікі і зімой да нас не прыедуць, таму бізнес-планаў на гэты конт у нас не было. Цяпер, аднак, арабскія авіякампаніі зрабілі даволі дзіўны крок, павялічыўшы сваю сетку палётаў у аэрапорт Кракава, - сказаў Караль Вагнер з Татранскай гандлёвай палаты.

Усё ж гаспадары гасцініц у Татрах не разлічваюць на сур'ёзныя змены і не чакаюць зімой столькі арабскіх турыстаў, колькі было падчас летняга адпачынку. Улетку арабы складалі крыху менш за 10% усіх турыстаў у Татрах. Паводле інфармацыі PAP, зімовыя браніраванні з напрамку Аравійскага паўвострава ў Кракаў ужо пачаліся, і пакуль больш за ўсё іх прыпадае на другую палову снежня, гэта значыць падчас калядных святаў.

Арабы ў Закапанэ часцей за ўсё выбіраюць аб'екты больш высокага стандарту, гэта значыць пяцізоркавыя гатэлі або катэджы або вілы, якія яны здымаюць цалкам. Па словах Вагнера, гэта можа прывесці да росту коштаў, але толькі ў сегменце самага высокага стандарту. Калі гаворка ідзе аб аб'ектах ніжэй за пяць зорак, гасцявых дамах або нумарах, то прыезд арабскіх гасцей ніяк не павінен паўплываць на цэны.

money.pl/ав