Беларуская Служба

У Беларусі пабудуюць ферму на 100 тысяч свіней

09.10.2024 12:30
Улады спадзяюцца, што будаўніцтва фермы стане ключавым крокам у вырашэнні праблемы дэфіцыту свініны ў краіне.
СвінняRichard Barnard/pixabay.com/CCO

Урад Беларусі прадставіў планы будаўніцтва фермы на 100 тысяч галоў свіней. Яны накіраваны на павелічэнне пагалоўя свіней, знішчанага афрыканскай чумой свіней (АЧС) за апошняе дзесяцігоддзе, а таксама павелічэнне вытворчасці свініны і фінансавых вынікаў свінагадоўлі ў краіне, паведамляе старонка farmer.pl.

Беларускія бойні і мясакамбінаты адчуваюць недахоп жывых свіней і свініны оптам. Сярэдняя загрузка магутнасцяў у сектары вагаецца ад 30 да 50 працэнтаў, паведаміў намеснік прэм'ера Беларусі Юрый Шулейка.

Перапрацоўчыя лініі павінны быць загружаныя мясам, каб забяспечыць  устойлівую працу і падтрымаць прыбытковасць бізнесу.

Улады спадзяюцца, што будаўніцтва гіганцкай фермы стане ключавым крокам у вырашэнні праблемы дэфіцыту свініны ў краіне, а таксама будзе садзейнічаць прыцягненню дадатковых інвестыцый у нацыянальную эканоміку, у тым ліку з-за мяжы, і адкрыццю экспартных магчымасцей.

Мінсельгасхарч Беларусі падлічыў, што ў 2023 годзе ў Беларусі выраблена 426 тысяч тон свініны, на 6% больш, чым у папярэднім годзе. На 1 снежня 2023 года ў гаспадарках Беларусі ўтрымлівалася больш за 2 мільёны галоў свіней, гэта значыць 1% больш, чым у 2022 годзе.

Да 2026 года беларускія ўлады маюць намер адкрыць 14 новых свінакомплексаў, спадзеючыся павялічыць вытворчасць свініны вышэй за 500 тысяч тон.

Больш за тое, беларускія ўлады нядаўна завяршылі мадэрнізацыю Аршанскага мясакамбіната, дзе была запушчана новая, сучасная вытворчая лінія.

Зараз Беларусь імпартуе свініну ў асноўным з Расіі. У першым паўгоддзі 2023 года пастаўкі дасягнулі 20 тысяч тон, што складае рост на 38% у параўнанні з папярэднім годам.

аз


Ліцэнзаванне вывазу збожжавых з Беларусі ў чарговы раз падоўжанае на паўгода

08.10.2024 16:01
Са жніўня 2021 года ўрад Беларусі ўжо некалькі разоў прадаўжаў забарону на вываз збожжавых з краіны.