Беларуская Служба

Віцэ-старшыня Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой: «У Польшчы самыя спрыяльныя ўмовы для рэлакацыі»

17.10.2024 12:01
У Еўропе зарэгістравана каля 8 тысяч беларускіх кампаній. 
Аўдыё
  • Марына Гірын - віцэ-страшыня Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой.
:
Фота:Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой ABBA

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле!

Пасля 2020 года з Беларусі з’ехалі сотні тысяч людзей. Многія з іх заснавалі за мяжой свой бізнес – некаторыя працягваюць справу, якую вялі ў Беларусі, а іншыя ствараюць прадпрыемствы з нуля. Заснаваная ў 2021 годзе Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой АВВА (Association of Belarusian Business Abroad) яднае ўжо звыш сотні беларускіх кампаній. Гэта бізнес з 13 дзяржаў, у тым ліку вельмі важнымі для АВВА з’яўляюцца кантакты не толькі з еўрапейскімі, але і амерыканскімі партнёрамі. Пра гэта раказвае віцэ-прэзідэнт асацыяцыі Марына Гірын.

- На сённяшні момант сяброў АВВА каля 120 з 13 краін свету. ЗША – на другім месцы па колькасці членаў. Важна пашыраць партнёрскія сувязі, ствараць добры мост паміж Еўропай і Амерыкай. Мы можам даць добрыя кантакты, знаёмствы, і бачым ужо прыклады супрацы. Амерыканскі рынак – першая эканоміка свету, і нам хацелася б быць моцнымі ў тым рэгіёне.

У Польшчы шмат беларускага бізнесу. Скажыце, якія справы, пытанні, праблемы перш за ўсё цікавяць людзей, якія далучаюцца да вашай арганізацыі тут?

- Я хачу ўдакладніць, што АВВА прымае ў сябры бізнес, незалежна ад памеру. Ёсць розныя клубы, якія ставяць умову, каб мець нейкі капітал, каб да іх далучыцца, а мы – не. Мы адкрыты на супрацу і з малым, і з сярэднім, і з буйным бізнесам. І ў кожнага свае патрэбы. Малым не хапае фінансавання, сярэднім патрэбныя выхады на новыя рынкі. Праз нас можна знайсці партнёраў, мы таксама робім акцэнт на супрацу з лакальнымі арганізацыямі. Напрыклад, нашым партнёрам з’яўляецца Гандлёва-Прамысловая палата Польшчы. Праз яе можна выйсці на польскіх бізнесоўцаў.

Год там, і два гады таму казалі, што будзе створаны фонд падтрымкі беларускага бізнесу. Чаму ён усё яшчэ не пачаў працаваць?

- Ён планаваўся разам з Еўрапейскай камісіяй. Мы спадзяёмся, што мы яго запусцім. На жаль, так працуе бюракратыя – мы хацелі б зрабіць хутчэй, але не атрымоўваецца. Важна, што яго хочуць рэалізаваць, мы над ім працуем. Але з’явіліся ідэі, каб мы самі, беларусы, маглі зрабіць інвестфонд з уласнымі грашыма, і не залежаць ад дзяржаўных устаноў. Гэтыя грошы мы маглі б самі размяркоўваць. Адным з прынцыпаў АВВА з’яўляецца сацыяльная адказнасць бізнесу. Ёсць шмат бізнесоўцаў, якія хацелі б падтрымаць, напрыклад, культурныя праекты. Калі гэта адзін бізнес, ён шмат не падтрымае, а калі бізнесы аб’яднаюцца, тады падтрымка будзе на многа большай.

А як вас успрымаюць у Беларусі? На колькі мне вядома, вы былі прызнаныя экстрэмісцкай арганізацыяй?

- Так, мы – экстрэмісты. На адрас маёй матулі ў Беларусі прыйшоў ліст, што мяне да канца гэтага года выклікаюць у следчы камітэт у камісію па памілаванні.

Збіраецеся ехаць?

- Не, не збіраюся.

А калі казаць пра тое, колькі беларускага бізнесу за мяжой, скажам, у Польшчы. Ці маглі б вы прывесці крыху статыстыкі?

- У нас ёсць статыстыка, колькі бізнесу зарэгістравана ў Еўропе – каля 8 тысяч кампаній. А Польшча – асноўная краіна для рэлакацыі, тут самыя спрыяльныя ўмовы, хаця ёсць і праблемы. Паза межы Беларусі выехала 500 тыс. чалавек. Калі браць статыстыку, што ў сярэднім 5-10% насельніцтва – гэта бізнесмены, можна лёгка палічыць, колькі гэта людзей.

Размаўляла Наталля Грышкевіч