Беларуская Служба

Польская кампанія EMP мяняе прыярытэты. Электракар ужо не на першым месцы

08.04.2025 12:22
Сітуацыя ў аўтамабільнай прамысловасці пагаршаецца ў выніку канкурэнцыі з боку кітайскіх кампаній і геапалітычных змен.
  Izera     .
Польскі электракар Izera ў адной з апошніх версій. Фота: ElectroMobility Poland /twitter

Канец мары пра польскі электрамабіль – паведамляе Forsal.pl. Кампанія ElectroMobility Poland (EMP) анансавала новы этап развіцця. Праект польскага электрамабіля Izera саступіў месца ідэі стварэння сучаснага цэнтра вытворчасці і развіцця.

«Паспяховыя краіны не абмяжоўваюцца імпартам рашэнняў, але актыўна ўдзельнічаюць у іх стварэнні, укараненні і ўдасканаленні. Эканамічны рост, заснаваны на тэхналогіях, патрабуе доўгатэрміновых стратэгій у галіне адукацыі, інфраструктуры даследаванняў і распрацовак, а таксама супрацы паміж дзяржаўным і прыватным сектарамі», — заявіў прэзідэнт EMP Томаш Кендзерскі.

Паводле яго слоў, сітуацыя ў аўтамабільнай прамысловасці ў Еўропе моцна пагаршаецца ў выніку канкурэнцыі з боку кітайскіх кампаній і геапалітычных змен, а таксама ўвядзеннем амерыканскіх пошлін на аўтамабілі, запчасткі і кампаненты.

Для Польшчы, як для аднаго з ключавых пастаўшчыкоў для вытворцаў аўтамабіляў, гэта можа быць сур'ёзным выклікам, але таксама магчымасцю змяніць сваю пазіцыю на міжнароднай арэне.

ElectroMobility Poland разам з глабальным партнёрам будзе ствараць еўрапейскі аўтамабільны брэнд. Гэтыя аўтамабілі будуць вырабляцца на сучасным заводзе ў горадзе Явожна, штаб-кватэра кампаніі будзе знаходзіцца ў Польшчы. Вакол інвестыцый павінны быць створаны новыя прадпрыемствы, такія як інавацыйны цэнтр, ланцужок паставак і цэнтры даследаванняў і распрацовак, а таксама вытворчасці і развіцця.

Важнейшы праект польскай электрамабільнасці, якім, несумненна, была Izera, як аказалася, «сеў на мель», перш за ўсё ў выніку адсутнасці стабільнага фінансавання, паколькі не паступілі сродкі ад нацыянальнага плану адбудовы, на якія разлічвала кампанія. Новая канцэпцыя прадугледжвае сумесную адказнасць стратэгічнага партнёра. Замест самастойнага развіцця аўтамабільнага брэнда з нуля EMP будзе выступаць у якасці суінвестара і каардынатара сумесных прадпрыемстваў.

Праект EMP у новай формуле можа ахопліваць не толькі аўтамабільную прамысловасць, але і паслугі энергетыкі і лічбавай мабільнасці, такім чынам упісваючыся ў больш шырокі кантэкст эканамічных пераўтварэнняў.

Кампанія ElectroMobility Poland была створаная ў кастрычніку 2016 года па ініцыятыве чатырох польскіх энергетычных груп - PGE Polska Grupa Energetyczna, Energa, Enea і Tauron Polska Energia. Кожны з іх набыў 25% статутнага капіталу.

нг