Беларуская Служба

«Хваля высокіх цэн у Польшчы». Вось наступствы гандлёвай вайны паміж ЗША і Кітаем

25.04.2025 12:52
— Калі два сланы б'юцца, яны топчуць траву. Мы — гэтая трава, — кажа прафесар Богдан Гуральчык, сінолаг. Тарыфная вайна паміж ЗША і Кітаем паўплывае на рост цэн і інфляцыю ў Польшчы.
 .
Ілюстрацыйны здымак.stevepb/pixabay.com/CC0

ЗША ўвялі тарыфы на тавары з краін, з якімі ў ЗША ёсць дэфіцыт гандлёвага балансу, у пачатку красавіка. Акрамя таго, рашэннем Дональда Трампа была ўведзена мінімальная стаўка (10%) на імпарт з большасці краін свету. Значна вышэй, 145%, супраць Кітая. Пекін адказаў на гэта ўвядзеннем 125%-працэнтных тарыфаў на тавары з ЗША, піша эканамічны партал money.pl.

Прафесар Богдан Гуральчык, палітолаг і кітаязнаўца, у інтэрв'ю tvn24.pl падкрэсліў, што мытная вайна можа прывесці да росту цэн і інфляцыі ў Польшчы.

— Калі два сланы б'юцца, траву затопчуць. Мы — гэтая трава, — сказаў ён.

Ён дадаў, што «ў рамках глабалізацыі Злучаныя Штаты выкарыстоўвалі аўтсорсінг і афшорынг, г.зн. перанос вытворчасці ў рэгіёны, дзе яна была таннейшай».

— У асноўным у Кітай, яны вырабляюць кожны трэці прадукт у свеце і адказваюць за 32% сусветнай вытворчасці. На другім месцы — Злучаныя Штаты з 12–14%. Гэта той разрыў, які Дональд Трамп спрабуе скараціць, - растлумачыў прафесар Гуральчык.

Эксперт лічыць, што Пекін больш не будзе працягваць тарыфную вайну, бо ператварыў яе ў гандлёвую, «прыпыніўшы экспарт некалькіх рэдказямельных элементаў, без якіх няма тэхналагічнага прагрэсу».

Пётр Дзежаноўскі з Польскага інстытута міжнародных спраў дадаў, што наперадзе шмат нявызначанасці. Гэта вынік хаосу, створанага Трампам. Эксперт PISM адзначае, што рашэнні амерыканцаў «не канчатковыя, і гэта можа прывесці да адсутнасці даверу нават з боку іх дружалюбных партнёраў».

— Пытанне ўдару па нямецкай аўтамабільнай прамысловасці, безумоўна, будзе важным для Польшчы, бо польскія кампаніі часта з'яўляюцца яе субпастаўшчыкамі. У гэтай галіне могуць узнікнуць цяжкасці. Калі ўся сусветная эканоміка запаволіцца або апынецца ў крызісе, гэта, безумоўна, прывядзе і да запаволення тэмпаў росту польскага ВУП, — падсумаваў аналітык PISM.

ав/money.pl