Беларуская Служба

У свеце пачаўся глабальны смеццевы крызіс

20.07.2019 17:27
Заходнія краіны, засыпаныя смеццем, не спраўляюцца з яго перапрацоўкай, таму вымушаныя яго вывозіць за мяжу, перш за ўсё ў бедныя краіны.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnepixabay/Ben_Kerckx/CC0

У свеце пачаўся глабальны смеццевы крызіс, паведамляе выданне Dziennik Gazeta Prawna. Захад не спраўляецца са сваймі ж адкідамі, зазначае газэта, паведамляючы, што нядаўна Інданезія заявіла пра тое, што адправіць назад у Аўстралію больш за 210 тон камунальных адкідаў. Адкіды прыбылі ў васьмі кантэйнерах. У суправаджальных дакументах было напісана, што гэта выкарыстаная папера, якую лёгка можна перапрацаваць. Аднак пасля ўскрыцця кантэйнераў аказалася, што яны ўтрымліваюць паперу, прасякнутую маторным алеем, пластыкавыя бутэлькі ды выкарыстаныя падгузьнікі. Такім чынам, смецце назад вернецца ў Аўстралію.

Падобным чынам нядаўна паступілі Філіпіны, якія адправілі назад у Канаду груз камунальных адкідаў.

У мінулым годзе Кітай заявіў, што адмаўляецца ад перапрацоўкі макулатуры й пластыку, якія раней завозіліся ў краіну. Пекін зразумеў, што іх смеццеперапрацоўчыя заводы не спраўляюцца з перапрацоўкай сваіх жа адкідаў, не кажучы пра чужыя. Дарэчы, раней Кітай перапрацоўваў каля 56% пластмасавых адкідаў у сусветным маштабе.

Заходнія краіны, засыпаныя смеццем, не спраўляюцца з яго перапрацоўкай, таму вымушаныя яго вывозіць за мяжу, перш за ўсё ў бедныя краіны. Але і гэтыя дзяржавы адна за другой пачынаюць адмаўляцца і не прымаюць адкідаў. Развітым краінам нічога не застаецца, як шукаць выхад з сітуацыі. У прыватнасці, усё часцей гаворыцца пра адмову ад поліэтыленавых пакетаў і ўпаковак і вяртанне да тары шматразовага выкарыстання, паведамляе Dziennika Gazeta Prawna.

вс