Беларуская Служба

Польскі ўрад плануе спалучыць каналам дзве галоўныя польскія ракі – Віслу і Одру

29.10.2019 17:21
Сілезскі канал працягласцю ў 90 км стаў бы часткай міжнароднай воднай сістэмы Эльба – Одра – Дунай.
Рачны кантэйнеравоз pixabay.com/sciencefreak/free for commercial use

Газета Rzeczpospolita піша пра тое, што польскі ўрад плануе спалучыць каналам дзве галоўныя польскія ракі – Віслу і Одру. Водны шлях атрымаў назву Сілезскі канал. Паводле ацэнак, яго будаўніцтва паглыне ажно 11 млрд злотых (каля 2 млрд 600 млн еўра).

Міністэрства марской гаспадаркі і рачнога суднаходства Польшчы заявіла, што ацэначна-праектныя працы пачнуцца ў будучым годзе. Водны шлях стане альтэрнатывай для чыгуначнага транспарту і спалучыць прамысловую Сілезію, дзе развіта вуглездабываючая прамысловасць, з партамі Балтыкі.

Сілезскі канал працягласцю ў 90 км стаў бы часткай міжнароднай воднай сістэмы Эльба – Одра – Дунай. Асноўная задача праекта – павелічэнне долі грузавых перавозак рачным транспартам. Актуальна працэнт даставак грузаў па ўнутраных водных артэрыях у Польшчы складае ўсяго 0,2% ад агульнага аб’ёму грузаперавозак. Пры гэтым пастаянна падае: у 2000 годзе гэтая доля складала 0,8%.

У Польшчы працягласць водных шляхоў, якія могуць мець міжнароднае значэнне, складае 206 км. Пры гэтым толькі 6% польскіх рэк адпавядаюць нормам для міжнароднага руху рачных суднаў, паведамляе газета Rzeczpospolita.

вс