Узровень беспрацоўя ў снежні мінулага году склаў у Польшчы 5,2% і быў вышэйшым, чым у лістападзе на 0,1 пункта – паінфармавала Галоўнае статыстычнае ўпраўленне.
Настолькі нізкі ўзровень беспрацоўя сведчыць пра вялікае запатрабаванне на работнікаў, кажа эксперт рынку працы прафесар Яцэк Мэнціна.
- У гаспадарцы пастаянна патрэбныя новыя працаўнікі. Ужо сёння вялікую колькасць работнікаў забяспечваюць імігранты. Замежныя работнікі будуць мець усё большае значэнне для польскіх прадпрымальнікаў.
Таксама іншы эксперт рынку працы Матэвуш Жыдэк з Інстытуту Radstat падкрэслівае, што з аднаго боку колькасць беспрацоўных у Польшчы невялікая і гэта радуе, аднак з іншага боку, кампаніі змагаюцца з праблемай пошукаў пажаданых працаўнікоў.
- Па сутнасці, цяпер няма сектара, у якім не шукаюць работнікаў. Адзінае выйсце, якое дазволіла б не шукаць супрацоўнікаў за мяжой, гэта прыцягненне на рынак працы ўсіх неактыўных прафесійна людзей у Польшчы, але гэта, хутчэй за ўсё, немагчыма. Не адзін урад думаў як гэта зрабіць, і нікому не ўдалося прыдумаць, якім чынам актывізаваць людзей, якія мэтанакіравана застаюцца беспрацоўнымі. У такой сітуацыі на польскім рынку працы безупынку патрэбныя работнікі.
З дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення вынікае, што колькасць беспрацоўных у снежні склала 866 тысяч 400 чалавек, у лістападзе – 849 600 чалавек.
яс