Беларуская Служба

Польская эканоміка патрабуе палітычнай стабільнасці

13.07.2020 15:34
У Польшчы завяршыліся прэзідэнцкія выбары, у 3 бліжэйшыя гады ў краіне не будзе выбарчых кампаніяў.
Аўдыё
  • Польская эканоміка пасля выбараў
Ілюстрацыйны здымак EPA/Ana Bornay Dostawca: PAP/EPA

На думку польскіх экспертаў – гэта добра для эканомікі. Эмоцыі сціхнуць і прыйдзе засяроджанасць на вырашэнні эканамічных праблем.
Адным з першых на гэта звярнуў увагу дэпутат ды намеснік кіраўніка францыі Грамадзянскай кааліцыі Павал Панцыл'юш, які прагназуе Польшчы тры гады спакойнай палітыкі.

- Нас чакаюць тры гады супакою, палітыкі кіроўнай партыі зазначаюць, што цяпер пачнецца прадметная праца. Ня будзе ў бліжэйшыя гады выбараў, значыць, ня будзе рашэнняў пад выбары, якія абмяжоўваюць урад у прыняцці прынцыповых рашэнняў.

На гэта звяртаюць увагу і эканамісты. Так Артур Барташэвіч з Вышэйшай школы гандлю перакананы, што цяпер як сціхлі перадвыбарчыя эмоцыі, настаў час заняцца эканомікай.

- Выбарчыя кампаніі маюць сваю спецыфіку. Там з'яўляюцца як добрыя ідэі, так і рознае глупства. Спадзяюся, што цяпер сы вернемся да прадметнага абмеркавання. Не ўсе павінны пагаджацца, добра, калі зʼяўляюцца крытычныя галасы, што да пэўнай прапановы. Яна можа быць недапрацаваная. Гэтаму служаць дыскусіі, каб абмеркаваць ды выпрацаваць эфектыўныя вырашэнні для эканомікі.

У сваю чаргу эканаміст Марцін Рашкоўскі зазначыў, што адсутнасць выбараў у бліжэйшыя гады – гэта добра для эканомікі. Гэта час на выпрацоўку рашэнняў, якія будуць уплываць на эканамічнае развіццё ў бліжэйшыя гады.

- Цяпер трэба будзе шмат паразмаўляць і з сэнсам пра тое, як выходзіць з крызісу. Адзін – механізм – гэта антыкрызісны шчыт. Аднак нам патрэбнае такое развязанне, якое будзе дапрацаваным, бо будзе ўплываць на эканоміку ў бліжэйшыя гады.

Аптымізму дадаюць дадзеныя пра сітуацыю вытворчага сектара ў Польшчы. 60% польскіх фірмаў маюць фінансавыя рэзервы на 3 месяцы. Таксама стабілізуюцца даходы фірмаў, 1/5 кажа пра рост новых замоваў. Гэта вынік таго, што польскі ўрад у рамках антыкрызіснага шчыту ўліў у польскую эканоміку 100 мільярдаў злотых, або 5% ВУП. Гэтыя сродкі стабілізавалі сітуацыю ды рынак працы

Гэтую кан'юнктуру хоча ўтрымаць урад.  У першую чаргу польскае кіраўніцтва хоча перадухіліць рост цэнаў. У звязку з гэтым Ведамства рэгулявання энергетыкі не пагадзілася на рост тарыфаў на электраэнергію для спажыўцоў, паведаміла прэсавая сакратарка ведамства Агнешка Гласнеўска.

- Размовы ў гэтай справе цягнуцца з пачатку году. Прадпрымальнікі некалькі разоў тлумачылі сваю сітуацыю, чаму дамагаюцца павышэння тарыфаў. Наколькі гэта абгрунтавана. Наша міністэрства пры разглядзе кожнай справы дамагаецца таго, каб прапанаваныя спажыўцам цэны былі абгрунтаваныя ды справядлівыя.

Сітуацыя на рынку не вымагае новых вышэйшых цэн на энергію.

Юры Ліхтаровіч