Беларуская Служба

Нямецкі бізнес асцерагаецца санкцый супраць Nord Stream 2 і пагражае адказам

23.07.2020 11:37
Больш за палову грамадзянаў ФРГ (55%) таксама хацелі б умацаваць эканамічныя адносіны з Расіяй. 
Nord Stream 2
Nord Stream 2shutterstock.com/ Stefan Dinse

Мы рыхтуем адказ у сувязі з сурʼёзнай пагрозай далейшых санкцый ЗША супраць праекту Nord Stream 2, – заявіў старшыня праўлення Усходняга камітэту нямецкай эканомікі Міхаэль Харм, піша польскі партал energetyka24.com

«Дагэтуль мы пастаянна перасцерагалі ад санкцый у адказ супраць ЗША, паколькі не хацелі апынуцца ў спіралі санкцый. Цяпер мы на гэта глядзім крыху інакш», – заявіў Хармс у інтэрвʼю. Ён таксама папярэдзіў, што ўрад ЗША можа не толькі блакаваць рахункі кампаніяў, якія прымаюць удзел у спрэчным праекце, але і накладваць абмежаванні на банкі.

Таму, на думку старшыні праўлення Усходняга камітэту нямецкай эканомікі, ажыццяўленне контразахадаў, становіцца неабходным. Яны могуць мець форму контрсанкцыяў і дыпламатычных захадаў, або кампенсацыяў кампаніям, якія панясуць страты ў выніку дзеянняў ЗША.

Назіраюцца ўсё больш нервовыя рэакцыі прадстаўнікоў Нямеччыны і Расіі, якія выклікаў чарговы пакет санкцый, аднагалосна зацверджаны Палатай прадстаўнікоў Кангрэса ЗША. Абмежаванні былі ўключаныя ў абарончы бюджэт ЗША на 2021 год (National Defense Authorization Act (NDAA).

У прыватнасці, папраўка ўводзіць санкцыі ў дачыненні да замежнікаў, якія спрыяюць продажы, арэндзе або страхаванню суднаў, задзейнічаных у пракладцы газаправоду. Гэта тычацца суднаў, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве Nord Stream 2 і Турэцкага патоку.

Некалькі месяцаў таму Усходні камітэт нямецкай эканомікі замовіў апытанне грамадскай думкі, якое паказала, што большасць немцаў падтрымлівае будаўніцтва газаправода Паўночны паток 2. 77% немцаў падтрымліваюць рэалізацыю праекту, які негатыўна паўплывае на энергетычную бяспеку краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, у тым Беларусі і Польшчы. Амаль кожны пяты (19%) не мае меркавання з гэтай нагоды, і толькі 4% рэспандэнтаў выступаюць супраць Nord Stream 2.

Больш за палову апытаных грамадзянаў ФРГ (55%) таксама хацелі б умацаваць эканамічныя адносіны з Расіяй. 28% былі супраць, а яшчэ 17% сказалі, што не маюць думкі па гэтым пытанні.

Улічваючы пералічаныя вынікі, нічога дзіўна, што 86% рэспандэнтаў асудзілі аднабаковыя санкцыі ЗША супраць Расіі. Толькі 5% выказалі супрацьлеглае меркаванне. Пра рэакцыю Нямеччыны на санкцыі ЗША супраць газаправода Nord Stream 2 пісаў польскі партал energetyka24.com

эж