Польская нафтагазавая кампанія (Polskie Górnictwo Naftowe i Gazownictwo,PGNiG) і ўкраінская кампанія Energy Resources of Ukraine падпісалі інвестыцыйнае пагадненне аб сумесным праекце па пошуку і здабычы ва Украіне.
Работы плануецца пачаць у першай палове 2021 года пасля атрымання неабходных дазволаў, паведаміў старшыня PGNiG Ежы Квяціньскі(Jerzy Kwieciński).
Паводле яго, першая канцэсія, якая будзе мэтай пошуку ва Украіне, знаходзіцца ў вельмі перспектыўнай геалагічнай зоне, той жа самай, што радовішча „Пярэмышль”.
„У нас ёсць не толькі ўсе тэхналагічныя рэсурсы і неабходная тэхніка, але таксама веды і шматгадовы вопыт нашых супрацоўнікаў, здабыты цягам больш як 60 гадоў пошукаў і здабычы ў польскім рэгіёне Падкарпацце. Гэта добрая аснова для поспеху ў рэалізацыі згаданага праекта”, - лічыць старшыня кампаніі Ежы Квяціньскі.
Ён нагадаў, што супрацоўніцтва з украінскай кампаніяй з'яўляецца часткай палітыкі дыверсіфікацыі крыніц паставак прыроднага газу. У сваю чаргу, далейшая інтэграцыя энергетычных рынкаў будзе садзейнічаць умацаванню энергетычнай бяспекі ўсяго рэгіёна.
Польская кампанія зацікаўленaя таксама ва ўдзеле ў прыватызацыі ўкраінскага энергетычнага сектара. Учора па гэтай справе ў Кіеве ў прысутнасці прэзідэнта Анджэя Дуды і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, а таксама прадстаўнікоў Украінскага фонду дзяржаўнай маёмасці было заключанае адмысловае пагадненне, якое дазволіць польскай кампаніі ўдзельнічаць у гэтым працэсе.
Паводле Ежы Квяціньскага, гэта шанец на ўмацаванне супрацоўніцтва паміж краінамі і сумеснае пабудаванне энергетычнай бяспекі ў гэтай частцы Еўропы.
Польская кампанія ўжо некалькі гадоў прадае Украіне прыродны газ. З сярэдзіны 2016 года яна экспартавала ў гэтую краіну больш за 3 мільярды кубаметраў паліва.
аз