Беларуская Служба

Польшча і Францыя пачалі перамовы пра атамную энергетыку

02.02.2021 13:36
Францыя афіцыйна зацікавілася ядзернай энергетыкай у Польшчы і гатова да супрацоўніцтва.
Здымак мае ілюстрацыйны характарImage by Markus Distelrath from Pixabay/CC0

Кіраўнік французскага EDF Жан-Бернар Леві ды ўпаўнаважаны ўрада па стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры Польшчы Пётр Наімскі і міністр клімату і навакольнага асяроддзя Міхал Куртыка сустрэліся 2 лютага 2021 года ў Варшаве, паведаміла штодзёнка «Dziennik Gazeta Prawna». Палітыкі абмяркоўвалі атамную энергетыку.

Штодзёнка паведаміла, што галоўнай тэмай перамоў стаў «мірны атам», закраналіся таксама пытанні гандлю ды іншыя двухбаковыя справы.

Францыя афіцыйна зацікавілася ядзернай энергетыкай у Польшчы ў снежні 2020 года. Кантакты з французамі пацвердзіў упаўнаважаны ўрада па стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры Пётр Наімскі.

Штодзёнка зазначае, што ў адпаведнасці з прынятай праграмай развіцця ядзернай энергетыкі ў Польшчы плануецца будаўніцтва АЭС на 6-9 ГВт магутнасці на аснове рэактараў PWR. Блокі станцыі будуць уведзены ў эксплуатацыю паслядоўна ў 2033-2043 гадах і змогуць працаваць 80-100 гадоў, піша газета.

юл