Прэзентацыя фінансавага рэйтынгу муніцыпалітэтаў у Польшчы за 2020 год распачала двухдзённы Еўрапейскі кангрэс мясцовых уладаў. У гарадку Мікалайкі(Mikołajki) на Мазурах сабраліся прадстаўнікі муніцыпалітэтаў, прыватнага бізнесу і цэнтральнай адміністрацыі.
У прадстаўленым падчас мерапрыемства рэйтынгу гміны класіфікаваны ў залежнасці ад іх памеру, крыніц даходу і ўзроўню інвестыцый.
У групе гарадоў са статусам павету перамог горад Познань у заходняй Польшчы. Мэр горада Яцэк Яськовяк (Jacek Jaśkowiak) адзначае, што сіла горада – гэта высокая доля ўласных даходаў, а таксама смелыя сацыяльныя рашэнні:
- Мы часта прымушаны прымаць складаныя рашэнні, якія ў палітычным аспекце для нас нязручныя. Тым ня менш яны спрыяюць жыхарaм і ў даўжэйшай перспектыве карысныя для горада. Нашая задача не ажыццяўляць уладу, але на аснове актуальных дадзеных прымаць рашэнні, якія спрыяюць жыхарам.
Сярод муніцыпалітэтаў, якія могуць пахваліцца высокім паказчыкам уласных даходаў лідарам з’яўляецца Шчырк (Szczyrk). Гэта звязана з турыстычным патэнцыялам усяго рэгіёну. Мэр горада Антоні Бырды (Antoni Byrdy) падкрэслівае, што мясцовыя ўлады павінны клапаціцца і пра ўзровень жыцця жыхароў і пра прапанову для турыстаў:
- Цяжка спалучыць дзве згаданыя функцыі, але жыхары асаблівага выбару ня маюць. Кожны павінен разумець, што без турызму горад не будзе ўстане выжыць на годным узроўні XXI стагоддзя. Развіццё звязанае таксама з узнікненнем пэўных ускладненняў. Адно за кошт другога – такім чынам гэта адбываецца.
Еўрапейскі кангрэс мясцовых уладаў у Мікалайках заканчваецца ў аўторак.
IAR/аз