Польскі ўрад працуе над крокамі, накіраванымі на аднаўленне паставак газу ў муніцыпалітэты, куды яго пастаўляла расійская кампанія Novatek Green Energy. Пастаўкі спыніліся, калі пачалі дзейнічаць польскія санкцыі ў дачыненні да некаторых расійскіх кампаній.
Сёння збіраецца адмысловая група для падрыхтоўкі адпаведных пастановаў для прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага. Кіраўнік урада зможа выдаць пастанову ў адпаведнасці з законам аб антыкрызісным кіраванні для польскіх кампаній аб пераняцці газавых установак і паставак газу ў гэтыя гміны.
Намесьнік міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі Мацей Вонсік адзначае, што санкцыі ўводзяцца ў асаблівай сітуацыі і могуць выклікаць пэўнае абурэнне. Ён запэўніў, што гміны не застануцца без дапамогі.
У аўторак польскі ўрад апублікаваў першы санкцыйны спіс, у які ўваходзяць алігархі і юрыдычныя асобы з Расіі. Спіс уключае 15 прыватных асоб і 35 суб'ектаў гаспадарання, якія займаліся бізнесам у Польшчы.
За парушэнне санкцый прадугледжаны адміністрацыйны штраф – да 20 мільёнаў злотых. Стварэнне санкцыйнага спісу магчымае дзякуючы прынятаму ў красавіку закону аб спецыяльных рашэннях для супрацьдзеяння агрэсіі супраць Украіны і абароны нацыянальнай бяспекі.
ав