50 расійскіх і беларускіх субʼектаў, у тым ліку «Газпром», апынуліся ў польскім санкцыйным спісе, які апублікавала Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы. Кіраўнік ведамства Марыюш Каміньскі заявіў, што польскія санкцыі павінны дапоўніць еўрапейскія:
- У гэтым спісе апынуліся магутныя расійскія кампаніі, як «Газпром», які будзе ахоплены санкцыямі ў рамках кампаніі «EuRoPol GAZ», кампанія «Акрон» і расійскі алігарх Вячаслаў Кантар, які мае каля 20% акцыяў у польскай дзяржкампаніі «Azoty». У спіс былі ўнесеныя ўсе кампаніі, якія імпартавалі ў Польшчу вугаль з Расіі і Данбаса і алігархі – уласнікі гэтых кампаній.
У спіс былі ўнесеныя, між іншым, сетка спартыўных крам Go Sport і кампанія Kaspersky Lab, якая займаецца кампʼютарным праграмным забеспячэннем. З кампаній, звязаных з Беларуссю, у спіс уключана BELOIL Polska, якая належыць «Беларуснафце» і БНК.
Кампаніі, якія апынуліся ў спісе маюць замарожаныя актывы і не могуць удзельнічаць у дзяржаўных тэндарах у Польшчы. У сваю чаргу расійскім алігархам забаронены ўезд у Польшчу. Поўны спіс апублікаваны на сайце Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі. Ён ахоплівае 15 асобаў і 35 субʼектаў гаспадарання.
IAR/аз