Тое, што на першы погляд здаецца неістотным, аказваецца напоўненым сэнсам
Выстава мае назву SLOW_MO albo WYRWANE Z KONTEKSTU. Яе аўтарка — Алена Бярэзіна, былая супрацоўніца Веткаўскага музея ў Гомельскай вобласці.
Адкрываючы выставу, яе куратар Ілля Малумаеў адзначыў, што працы Алены Бярэзінай натхнёныя буквіцамі са старажытных рукапісаў, створаных сотні гадоў таму стараверамі птушыным пяром. Рукапісы таго часу, у тым ліку кнігі песнапенняў, дагэтуль захоўваюцца ў Веткаўскім музеі.
Аўтарка засяроджваецца на дэталях, якія толькі пры павелічэнні набываюць выразнасць. Тое, што на першы погляд здаецца неістотным, аказваецца напоўненым сэнсам і нават магічным. Увага да гэтых тонкіх элементаў дазваляе заўважыць іх схаваную прыгажосць.
— Я, напрыклад, раней ніколі не бачыў выставаў, прысвечаных не проста буквіцы, а менавіта яе інтэрпрэтацыі, — кажа куратар. — Гэта дэканструкцыя буквіцы як восі, чагосьці галоўнага. Алена дэканструявала гэтую асноўную вось і падзяліла яе на элементы, паказаўшы, што яны могуць быць такімі ж важнымі і цікавымі, як і сама буквіца.
Малумаеў таксама падкрэсліў, што прадстаўленыя на выставе творы — гэта не дакладныя копіі старажытных буквіц, а іх сучасныя інтэрпрэтацыі, свабодныя варыяцыі, натхнёныя арыгінальнымі ўзорамі.
Выстава, прысвечаная прыгажосці
Алена Бярэзіна найперш тлумачыць назву сваёй выставы. SLOW_MO, паводле яе, азначае запаволены рух. У кінематографе такі прыём выкарыстоўваецца, каб падкрэсліць важныя дэталі, якія часта застаюцца незаўважанымі. Першапачаткова яна хацела назваць выставу Вырванае з кантэксту.
Аўтарка згадвае, што выстава павінна была адбыцца ў Беларусі яшчэ ў 2020 годзе, але спачатку перашкодзіў COVID-19, а пазней — падзеі пасля прэзідэнцкіх выбараў у краіне.
Наогул, мастачка кажа, што яе выстава прысвечаная прыгажосці:
— Веткаўская буквіца і прыгажосць цесна звязаны. Па-першае, гэта ўпрыгожванне кніг, але не дзеля самога ўпрыгожвання, а з глыбокім сэнсам. Кніга — гэта своеасаблівы свет, а буквіца, ініцыял — нібы райскае дрэва на старонцы. Буквіцы не проста пісалі, а загадзя расчэрчвалі старонку адмысловымі палачкамі і толькі потым выводзілі літары. Гэтая традыцыя мела сувязь з земляробчымі абрадамі, бо ў народнай культуры прыгажосць заўсёды лічылася абаронай.
Спадарыня Алена праводзіць аналогіі з традыцыямі ўпрыгожвання вокнаў у вясковых хатах. Вакно лічылася адтулінай у іншасвет, і таму яго ўпрыгожвалі, каб абараніцца ад злых сіл. У кнігах стараабраднікаў XVII–XIX стагоддзяў прыгожае афармленне не было проста дэкорам, а адлюстроўвала духоўную годнасць святых. Аднак дэталі ў такіх рукапісах настолькі дробныя, што многія іх проста не заўважаюць. Менавіта таму мастачка хоча праз павелічэнне паказаць тую прыгажосць, што часта застаецца па-за ўвагай.
— У буквіцах ёсць мноства элементаў: птушкі, вавёркі, іншыя жывёлы — яны выступаюць пасярэднікамі паміж нашым светам і Богам. На адной буквіцы можна нават убачыць маленькага чалавечка, што сведчыць: чалавек таксама можа дасягнуць царства Божага.
Погляд праз заслону часу
Паколькі выстава была запланавана пяць гадоў таму, аўтарка заўважае, што яе творы за гэты час прайшлі эвалюцыю:
— Я не ўсё, што хацела, здолела зрабіць. Але я не хацела ўмешвацца ў ўжо створаныя працы, бо любое змяненне пацягнула б за сабой іншыя. У некаторых працах павінна была быць вышыўка, але я не паспела яе зрабіць. Замест гэтага я змяніла тэхніку і зрабіла працы больш размытымі.
На пытанне, з чым гэта звязана, мастачка адказвае:
— У апошні час у мяне пагоршыўся зрок, і часам мне нават падабаецца бачыць размыта. Калі глядзець на гэта метафізічна, то буквіцы таксама належаць да мінулага, і гэты час робіць іх размытымі. Мы не ўсё ведаем пра іх значэнне, семантыку, акрамя, можа быць, спецыялістаў. І гэта нібыта флёр, які ўзнікае, калі глядзіш праз пелену часу.
Народная творчасць як аснова мастацтва
Спадарыня Алена адзначае, што гэта не яе першая выстава ў Польшчы — яна ўжо паказвала свае працы ў Германіі і Італіі. Цяпер яна працуе ў дзіцячым садку, пацвердзіла свой дыплом і працягвае навучанне, а таксама праводзіць майстар-класы.
Яна заўважае, што многія сучасныя мастакі ўсё часцей звяртаюцца да народнай творчасці:
— Цяпер нібыта нанова з’яўляецца цікавасць да народнай культуры. Гэта не рамесніцкае капіраванне, а хутчэй даследаванне традыцый. У гісторыі мастацтва заўсёды можна заўважыць вяртанне да народных крыніц. Гэта падмурак, на якім усё стаіць. Кожны раз з яго нараджаецца нешта новае. Сёння наш свет перажывае час пераменаў, і многія імкнуцца вярнуцца да вытокаў, магчыма, каб схавацца або знайсці нешта каштоўнае.
Што да інтэграцыі ў новае грамадства, мастачка прызнаецца, што эміграцыя даецца нялёгка. Але ёй цікава назіраць за новай культурай, шукаць падабенствы і адрозненні паміж народамі і, перш за ўсё, разумець іншых людзей.
Павел ЗАЛЕСКІ
Праца Алены Бярэзінай
Праца Алены Бярэзінай
Праца Алены Бярэзінай