Эксперты Нацыянальнага банку Польшчы чакаюць паступовага зніжэння інфляцыі і запаволення эканамічнага росту ў бліжэйшыя гады. Паводле справаздачы НБП аб інфляцыі і эканамічным росце, у наступным годзе сярэднегадавая інфляцыя складзе 13,1 працэнта, у 2024 годзе – 5,9 працэнта, а ў 2025 годзе знізіцца да 3,5 працэнта.
Пётр Шпунар(Piotr Szpunar) з НБП сказаў, што ў параўнанні з папярэдняй справаздачай, апублікаванай у ліпені, інфляцыя будзе крыху вышэйшай:
- Асноўным паказчыкам, які ўплываў на інфляцыю былі цэны на энерганосьбіты. Гэта не здзіўляе. Чаканая дынаміка росту цэн на энерганосьбіты ніжэйшая, чым мы прагназавалі ў ліпені, але цэны на прадукты харчавання вышэйшыя, на што ўплывае рост коштаў вытворчасці.
Паводле даследавання НБП, эканамічны рост у гадавым вылічэнні ў наступным годзе складзе 0,7 працэнта, а ў 2024 годзе эканоміка вырасце на 2 працэнты. Яцэк Катлоўскі(Jacek Kotłowski) з НБП сказаў, што сітуацыя на польскім рынку працы вельмі добрая:
- Працягваецца рост занятасці ў прадпрымальніцкім сектары, у эканоміцы. Хоць у месячным вылічэнні фіксавалася невялікае падзенне, то трэба браць пад увагу сезонныя паказчыкі. Попыт на працоўную сілу паступова паніжаецца, але гэта яшчэ не адлюстроўваецца ў нейкім выразным падзенні працаўладкавання. Беспрацоўе надалей утрымліваецца на вельмі нізкім узроўні.
Эксперты Нацыянальнага банку Польшчы рыхтуюць прагноз інфляцыі і росту ВУП тры разы на год. Дакумент бяруць пад увагу члены Рады грашовай палітыкі падчас змены працэнтных ставак.
На мінулым тыдні Еўракамісія павысіла прагнозы інфляцыі на гэты і наступны год. Паводле камісіі, сёлета ў Польшчы яна складзе 13,3 працэнта. Эксперты Еўрасаюза мяркуюць, што найбольш хутка кошты будуць расці ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.
IAR /аз