У Варшаве нядаўна адкрылася кандытарская-кавярня Soulmates. У Беларусі яе ўласнікі Ігар і Аліна Бабок мелі праект Soul Kitchen – душэўнай кухні з Беларусі з запамінальнымі стравамі і напоямі.
Анансуючы адкрыццё кавярні яе ўласнікі напісалі ў сацсетках: «Краіна і горад цяпер іншыя, але сутнасць застаецца той жа: смачныя дэсерты для душэўных людзей з падобнымі поглядамі і каштоўнасцямі».
Слухайце размову ў далучаным файле!
– У нас была кандытарская, невялікая, але мы шмат працы ў яе ўклалі. У нейкі момант зразумелі, што не адчуваем сябе ў бяспецы ў Беларусі. Як бізнес мы баставалі супраць гвалту, пачаліся маленькія праверкі з боку розных інстанцый, пажарных ды іншых. Напэўна, мы зразумелі, што заткнуць свой голас некуды, рабіць бізнес, працягваць плаціць падаткі і спансіраваць тое, што адбывалася ў Беларусі, было для нас немагчымым. І мы прынялі рашэнне прадаць нашу кандытарскую, пераехалі. Чаму Польшча? У Аліны была карта паляка, тут падобныя менталітэт, каштоўнасці людзей, мова таксама дастаткова простая. Нам прыемна тут і камфортна, – расказвае Ігар Бабок.
Аліна Бабок, яго жонка і сапраўды роднасная душа, гаворыць, што яны працягваюць рабіць тое ж, што і ў Мінску, – пячы смачныя дэсерты ды сустракаць гасцей.
«Дадалі выпечкі, бо тут гэта карыстаецца вялікай папулярнасцю», – тлумачыць Аліна.
«Канешне, прыемна, што мы выязджаем на тых жа конях, што і былі ў Мінску. Ёсць вялікая падтрымка з боку беларусаў. Але нам хацелася б зрабіць нешта такое, што будзе падабацца не толькі беларусам, але і мясцовым жыхарам», – заўважае Ігар.
На пытанне, ці ўбачылі ў Варшаве суразмоўцы ранейшых гасцей іх кандытарскай, адказваюць, што так:
«У нас ёсць адчуванне, што прыехалі мы, а ў хуткім часе і іншыя. Вялікая колькасць нашых сяброў жыве цяпер у Варшаве. А пасля пачатку вайны яшчэ больш беларусаў прыехалі сюды. І гэта стала пэўным варыянтам нашага Мінска. Мінск нашай мары».
Пасля пачатку вайны яшчэ больш беларусаў прыехалі сюды. І гэта стала пэўным варыянтам нашага Мінска. Мінск нашай мары
Ігар Бабок гаворыць, што ўмовы вядзення бізнесу ў Польшчы больш празрыстыя: «Калі казаць агульнымі словамі, то ў Беларусі забаронена ўсё, што не дазволена, а тут дазволена ўсё, што не забаронена. Падыход у інстанцыях, якія табе так ці інакш трэба будзе прайсці, больш скіраваны на дапамогу, тлумачэнне, падтрымку. Людзі, якія прадстаўляюць орган улады, самі зацікаўленыя ў тым, каб ты нешта рабіў. У Беларусі ва ўсіх кабінетах «сіндром вахцёра». Можна сказаць, што тут больш чыстая лінія ад заканадаўства да яго праверак, бо ў Беларусі шмат хто інтэрпрэтуе нормы па-свойму.
«Мы гатуем толькі тое, што нам самім падабаецца», – падкрэслівае Ігар Бабок.
«Гэта працуе, бо ў тое, у што мы верым, вераць і нашы госці», – пагаджаецца Аліна Бабок.
Кандытарская-кавярня Soulmates.
Кандытарская-кавярня Soulmates.
Кандытарская Soulmates знаходзіцца недалёка ад парку Лазенкі, можна знайсці іх на карце і ў
сацыяльных сетках.
вх