У польскай паліцыі фіксуецца больш за 15 тысяч вакансій. Найгоршая сітуацыя ў вялікіх гарадах, асабліва ў Варшаве, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna. Паводле выдання, сёлета колькасць функцыянераў павінна павялічыцца на 2 тысячы.
Штодзёнка паведамляе, што на 1 чэрвеня ў польскай паліцыі служылі 93 тысячы 623 функцыянеры, хаця штатных пасадаў было 108 тысяч 909. Вакантнымі засталіся больш за 15 тысяч, то бок амаль 15 працэнтаў усіх штатаў.
Між тым, газета адзначае, што за апошнія восем месяцаў колькасць штатных пасадаў павялічылася, а колькасць функцыянераў зменшылася.
Найгоршая сітуацыя ў буйных гарадах, асабліва ў Варшаве. «З усяе Польшчы прывозяць паліцыянтаў на стажыроўку, але гэта ўсё роўна трагедыя. Не хапае людзей для патрулявання горада», – скардзіцца ў размове з выданнем адзін з паліцыянтаў з раёну Макотаў.
У сваю чаргу, намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Чэслаў Мрочэк, адказны, між іншым, за паліцыю, нагадвае, што заробкі паліцыянтаў былі павышаныя на 20 працэнтаў. Яны былі таксама зраўнаныя заробкі паліцыянтаў і вайскоўцаў.
Палітык таксама нагадаў, што завяршаецца праца над законам, які аблегчыць вяртанне былых функцыянераў на службу.
«Адначасова мы таксама павялічваем колькасць профільных класаў у базавых школах. Іх выпускнікам будзе аддавацца перавага пры наборы. Частку тэстаў яны змогуць здаць яшчэ падчас вучобы ў школе», – сказаў Чэслаў Мрочэк. Акрамя таго, плануецца развіць інфраструктуру для падрыхтоўкі новых функцыянераў.
Паводле выдання, у 2024 годзе службу пакінулі каля 5 тысяч паліцыянтаў, у той час як, паводле планаў, будзе прынята 7 тысяч новых функцыянераў.
аз