Растуць платы за газ для насельніцтва. З ліпеня цана газу з высокім утрыманнем метану складзе 239 злотых (больш за 55, 5 еўра) за мегават-гадзіну. Раней цэны на гэтую сыравіну былі замарожаныя на ўзроўні крыху большым за 200 злотых за мегават-гадзіну(больш за 46,5 еўра).
Упраўленне рэгулявання энергетыкі зацвердзіла на мінулым тыдні новыя тарыфы для найбуйнейшага рознічнага прадаўца газу ў Польшчы, то бок кампаніі PGNiG.
Галоўны рэдактар сайта Polon.pl Марыюш Маршалкоўскі(Mariusz Marszałkowski) лічыць, што агульныя рахункі за газ у хатніх гаспадарках павялічацца ў сярэднім на 20 працэнтаў:
- Усё будзе залежаць ад профілю спажывання газу. У выпадку спажыўцоў, якія выкарыстоўваюць газ толькі для працы газавых пліт месячны кош павысіцца на 5-6 злотых без уліку падаткаў і збораў. Аднак у выпадку спажыўцоў, якія газам абаграваюць дом, гэты рост можа скласці нават 100 злотых у месяц. Для іх рост коштаў газу будзе выразна адчувальны.
Новыя тарыфы на газ будуць дзейнічаць да канца чэрвеня наступнага года.
З 1 ліпеня ў Польшчы вырасла таксама цана электраэнергіі. Сярэднестатыстычная хатняя гаспадарка, якая карыстаецца адным тарыфам у суткі (гэта ажно 88 працэнтаў хатніх спажыўцоў) і спажывае 2 000 кілават-гадзінаў у год, будзе плаціць на 25 грошаў больш за кілават-гадзіну, чым да гэтай пары, то бок 1,15 злотых за кілават-гадзіну з улікам падаткаў і збораў. Гэта будзе азначаць павелічэнне штомесячных рахункаў за электраэнергію да 190 злотых (больш за 44 еўра).
Урад плануе ўвядзенне гэтак званага энергетычнага ваўчара для хатніх гаспадарак, якія ў сувязі з ростам коштаў электраэнергіі апынуцца ў найбольш складанай сітуацыі. Энергетычны ваўчар атрымаюць хатнія гаспадаркі, чый даход на чалавека не перавышае 1 700 злотых(больш за 396 еўра), а ў выпадку хатняй гаспадаркі з аднаго чалавека – 2 500 злотых(амаль 583 еўра).
Агулам, гаворка ідзе пра пра каля 3,5 мільёна хатніх гаспадарак, кажа прэс-сакратар Міністэрства па справах клімату Губерт Ружык(Hubert Różyk):
- Згаданыя ліміты будуць павышаныя на 100 працэнтаў, калі нехта выкарыстоўвае электраэнергію для абагрэву дома. Тады энергетычны ваўчар складзе ад 300 да 1200 злотых у залежнасці ад віду хатняй гаспадаркі.
З ліпеня кошт мегават-гадзіны электраэнергіі складзе максімальна 500 злотых(больш за 116, 5 еўра).
IAR/аз