Большасць польскіх праеўрапейскіх партый маўчыць наконт прыняцця валюты ЕС, адпаведна, менш жыхароў гатовыя перайсці на новую валюту - піша Rzeczpospolita. Такія высновы апытання, праведзенага на замову Фонду эканамічнай свабоды.
У параўнанні з папярэднім даследаваннем, агульная падтрымка ўвядзення еўра за некалькі гадоў знізілася з 34,9% да 30,7 адсотка. Супраць агульнай валюты выступае 56,5 працэнта (раней 50,8%). У сёлетнім апытанні назіраецца асабліва моцнае зніжэнне падтрымкі прыняцця еўра сярод жанчын.
Перад пераходам на адзіную еўрапейскую валюту неабходны працяглы перыяд падрыхтоўкі, які прадугледжвае выкананне розных умоў. Каб прыняць агульную валюту, неабходна, між іншым, панізіць узровень інфляцыі, працэнтныя стаўкі і гарантаваць стабільны курс злотага. Амаль 40% апытаных хочуць, каб Польшча пачала рыхтавацца да ўступлення ў еўразону. Адна трэцяя рэспандэнтаў лічаць, што ўвогуле не варта пераходзіць на еўра.
– Апошняе даследаванне паказвае праблемы, звязаныя з увядзеннем еўра. Больш за палову апытаных (56%) успрымаюць пераход на адзіную валюту на працягу некалькіх гадоў як змены, да якіх яны недастаткова падрыхтаваныя, - адзначае адзін з аўтараў апытання доктар Роберт Собех (Robert Sobiech) з Collegium Civitas. – Сярод выбаршчыкаў апазіцыйных (да апошніх выбараў) партый застаецца высокая падтрымка пачатку падрыхтоўкі. Аднак гэта можа хутка змяніцца. У сітуацыі, калі пытанне пераходу на еўра паслядоўна выключаецца з парадку дня кіруючай кааліцыі, нават яе выбаршчыкі ў асноўным сустракаюцца з аргументамі праціўнікаў еўра.
Прафесар Марэк Гура (Marek Góra) з Варшаўскай школы эканомікі згодны, што ў грамадскай дыскусіі пра еўра гавораць мала. – Патрабаванні да эканомік, якія ўваходзяць у еўразону, вельмі рацыянальныя. Іх варта выконваць, нават калі дзяржава ў канцы канцоў не ўвойдзе ў яе. Аднак тэхнічныя дэталі, зразумелыя спецыялістам, не абавязкова зразумелыя шырокай грамадскасці. Такім чынам, стварэнне з еўра своеасаблівага маяка можа быць вельмі патрэбным.
Старшыня Фонду эканамічнай свабоды Марэк Татала (Marek Tatała) мяркуе, што тэма ўступлення Польшчы ў зону еўра цяпер не папулярная. На яго думку, так сталася між іншым з-за недахопу інфармацыйна-асветніцкай дзейнасці. Ён адзначае, што пераход на адзіную валюту не быў важнай тэмай выбарчай кампаніі 2023 года тагачаснай апазіцыі, а сёння кіруючай партыі, аднак партыі “Права і справядлівасць” ды “Канфедэрацыя” паслядоўна і актыўна выступалі супраць, палохаючы палякаў прывідам еўра, якое стане пагрозай незалежнасці.
Piotr Skwirowski
нг