Паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага упраўлення працадаўцы ўсё больш прымаюць на працу замежнікаў з далёкіх краін, такіх як Індыя, Непал, Філіпіны ці Калумбія. Аднак першыя тры месцы належаць украінцам, беларусам і грузінам, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna. На 31 снежня 2023 года беларусы склалі 11,5% усіх замежных працаўнікоў у Польшчы.
У сакавіку 2024 года ў Польшчы працавалі больш за 1 мільён 100 тысяч замежнікаў, якія прадстаўляюць 150 краін. Іх доля ў агульнай колькасці занятых у Польшчы склала 6,6% – паведамілі ў Галоўным статыстычным упраўленні. Варта падкрэсліць, што ў гэтую статыстыку не ўваходзяць людзі, якія працуюць па дагаворах падраду, бо атрымаць падрабязныя звесткі аб гэтай форме занятасці з дзяржрэестраў немагчыма. Такім чынам, можна меркаваць, што ў Польшчы працуе большая колькасць замежнікаў чым 1 млн 100 тысяч.
Найвялікшая група эканамічных імігрантаў знаходзіць працу ў Варшаве. Паводле дадзеных з сакавіка г.г, гаворка ідзе пра 200 тыс. чалавек. Гэта 19% ад усіх іншаземцаў на польскім рынку працы.
Паводле Dziennik Gazeta Prawna, змяншаецца занятасць украінцаў, якія з'язджаюць у больш заможныя заходнія краіны.
Бачна, што наймаць іншаземца становіцца ў Польшчы ўсё больш усталяванай тэндэнцыяй. Адначасова гэта ратунак для польскага рынку занятасці. Польшча змагаецца з дэмаграфічнымі праблемамі, таксама з эканамічнай эміграцыяй палякаў. Прадпрыемствы ў Польшчы сутыкаюцца з недахопам супрацоўнікаў, і таму частка з іх не ў стане выканаць заказы. На дапамогу прыходзяць замежнікі - адзначае Dziennik Gazeta Prawna.
яс